Лукашэнка падтрымаў праект мытнага кодэксу ЭАЭС

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка ўхваліў праект дамовы аб Мытным кодэксе Эўразійскага эканамічнага саюзу ў якасьці асновы для правядзеньня перамоваў.

Гэта прадугледжана ўказам ад 28 сьнежня № 499, які афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелТА.

Указ прадугледжвае, што дамова будзе падпісаная пры дасягненьні пагадненьня ў межах ухваленага праекту. На правядзеньне перамоваў па дамове ўпаўнаважаны Дзяржаўны мытны камітэт.

Новая рэдакцыя Мытнага кодэксу Эўразійскага эканамічнага саюзу была падпісаная 26 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу на пасяджэньні найвышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады. Подпіс пад гэтым дакумэнтам паставілі кіраўнікі Расеі, Казахстану, Армэніі і Кіргізстану.

Аляксандар Лукашэнка не прыехаў на саміт зь невядомых прычынаў. Як патлумачыў прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў, «усе дакумэнты былі цалкам узгодненыя раней, падчас калегіі зь беларускімі партнэрамі, і будуць накіраваныя ў Менск, каб Аляксандар Рыгоравіч змог іх там падпісаць».

Мытны кодэкс ЭАЭС заменіць Мытны кодэкс Мытнага саюзу, прыняты ў 2009 годзе. Ён набудзе моц зь 1 ліпеня 2017 году.

9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка правёў адмысловую нараду, на якой запатрабаваў пры ўхваленьні Мытнага кодэксу ЭАЭС забясьпечыць захаваньне нацыянальных інтарэсаў Беларусі.