Бомбу, дзеля якой 50 тысяч жыхароў нямецкага Аўгсбургу вымушаныя былі пакінуць свае дамы на сьвята Божага Нараджэньня, абясшкодзілі. Паслугамі дзяржаўных сховішчаў, дзе кармілі гуляшом, скарысталася толькі тысяча гараджанаў.
Бомба, з прычыны якой давялося на сьвята Калядаў эвакуаваць 54 тысячы жыхароў Аўгсбургу, была ў нядзелю, 25 сьнежня, пасьпяхова абясшкоджаная, паведамляе Deutsche Welle.
Эвакуацыя пачалася а 8 раніцы і была скончаная да 15 гадзін паводле мясцовага часу. Гарадзкія ўлады падрыхтавалі для эвакуаваных прытулкі ў школах і спартовых залях, дзе, у прыватнасьці, кармілі гуляшом і агароднінным супам. Аднак паслугамі часовых прыстанкаў скарысталіся толькі каля адной тысячы гараджанаў. Астатнія зьехалі да сяброў і сваякоў.
Брытанскую авіябомбу часоў Другой сусьветнай вайны ў Аўгсбургу выявілі 20 сьнежня. Для яе абясшкоджаньня спэцыяльна выбралі выходны дзень, калі вуліцы пустыя і эвакуацыю правесьці значна лягчэй. Раёны ў гістарычным цэнтры гораду эвакуавалі ў радыусе паўтара кілямэтра ад месца знаходкі.
Гэта была найбуйнейшая эвакуацыя ў Нямеччыне з часоў Другой сусьветнай вайны. Раней самай маштабнай лічылася эвакуацыя з прычыны выяўленай авіябомбы ў Кобленцы ў 2011 годзе — тады свае дамы былі вымушаныя пакінуць 45 тысяч чалавек.