Вуліцу ў Анкары назавуць імем забітага расейскага амбасадара

У Маскве прайшлі перамовы міністраў замежных спраў Расеі, Турцыі і Ірану па сытуацыі ў Сырыі. Сустрэча адбылася на наступны дзень пасьля забойства ў Анкары расейскага пасла Андрэя Карлава.

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, выступаючы на брыфінгу па выніках перамоваў, заявіў, што краіны ўзгаднілі заяву па палітычнаму працэсу ў Сырыі. У прыватнасьці, як ён сьцьвярджае, Расея, Турцыя і Іран перакананыя ў неабходнасьці мірнага вырашэньня сырыйскага крызісу, і гатовыя выступіць гарантамі перамоваў паміж Дамаскам і ўзброенай апазыцыяй. Расейскі міністар таксама выказаў надзею, што эвакуацыя мірных жыхароў з Усходняга Алепа завершыцца праз адзін-два дні.

Перад пачаткам сёньняшніх перамоваў Сяргей Лаўроў сустрэўся з турэцкім калегам Мэўлютам Чавушаглу. Ён выказаў удзячнасьць Турцыі за «імгненную рэакцыю» на забойства Карлава і заявіў аб неабходнасьці «бескампраміснай і бязьлітаснай» барацьбы з тэрарызмам.

Амбасадар Расеі ў Турцыі Андрэй Карлаў быў застрэлены 19 сьнежня ў Анкары падчас выступу на адкрыцьці фотавыставы «Расея ад Калінінграду да Камчаткі вачыма падарожніка». Напад на амбасадара зьдзейсьніў 22-гадовы турэцкі паліцэйскі. Падчас страляніны ён выкрыкваў абвінавачваньні на адрас Расеі за яе дзеяньні ў Сірыі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў тое, што адбылося «правакацыяй, накіраванай на зрыў урэгуляваньня расейска-турэцкіх адносін і мірнага працэсу ў Сырыі».

Міністар замежных спраў Турцыі Мэўлют Чавушаглу на перамовах у аўторак заявіў, што Анкара зробіць ўсе намаганьні для пошуку адказных за забойства расейскага амбасадара. Ён дадаў, што вуліцу, на якой знаходзіцца амбасада Расеі, назавуць імем Андрэя Карлава.