Будучы кіраўнік апарату Белага дому Рэйнс Прыбус прапанаваў пачакаць рашэньня абранага прэзыдэнта Дональда Трампа наконт санкцыяў да Расеі. Паводле яго, адміністрацыя Трампа яшчэ фармуецца, і палітыка будзе выпрацоўвацца з гледзішча інтарэсаў амэрыканскага народу.
Прыбус зьвярнуў увагу на тое, што паводле ацэнкі Трампа санкцыі былі неэфэктыўнымі, і прычына неэфэктыўнасьці ў тым, што яны па-сапраўднаму не ўступілі ў сілу.
Пры гэтым, як піша выданьне Politico, Прыбус ня выключыў скасаваньня санкцыяў супраць Расеі. У гэты ж дзень Трамп абвясьціў аб плянах вылучыць генэральнага дырэктара Exxon Mobil Рэкса Тылерсана на пасаду дзяржаўнага сакратара. Тылерсан мае шчыльныя фінансавыя сувязі з Расеяй і расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін узнагародзіў яго «Ордэнам Дружбы» ў 2013 годзе. У мінулым Тылерсан выступаў з крытыкай санкцыяў да РФ.
Прыбус, аднак, адхіліў спробы падаць Тылерсана як праціўніка санкцыяў да Расеі.
«Я ведаю, што Рэкс Тылерсан лічыць, што санкцыі і пагроза санкцый зьяўляюцца важнай часткай міжнароднай стратэгіі і дыпляматыі, і таму ён ня супраць санкцый, а проста ён супраць таго, як яны прымяняюцца», — заявіў Прыбус.
Рэкс Тылерсан неаднаразова сустракаўся з Пуціным. У 2011-м годзе ExxonMobil і расейская дзяржкампанія «Роснефть» пачалі сумесную распрацоўку расейскіх арктычных запасаў і з тых часоў стварылі яшчэ дзясятак сумесных прадпрыемстваў.
ExxonMobil працягвала працаваць у Расеі і пасьля ўвядзеньня амэрыканскіх санкцый, пад якія трапіла ў тым ліку «Роснефть». Посьпех ExxonMobil многія тлумачаць асабістымі сувязямі Тылерсана ў Крамлі. Сёлета ў верасьні ён асабіста распавёў пра іх на сустрэчы са студэнтамі тэхаскага ўнівэрсытэту.
«Маім адносінам з Пуціным ужо больш за 15 гадоў, я ведаю яго з 1999 году. У нас вельмі блізкія адносіны. Нельга сказаць, што я згодны з усім, што ён робіць. Я ня згодны зь дзеяньнямі многіх сусьветных лідэраў. Але ён разумее, што я — бізнэсмэн, і наша кампанія вельмі пасьпяхова інвэставала грошы — шмат грошай — у Расею», — казаў ён.
Зычлівасьць Крамля да Тылерсану пацьвярджае і былы віцэ-прэзыдэнт расейскага падразьдзяленьня ExxonMobil Канстанцін Эгерт.
«ExxonMobil — вельмі кансэрватыўная кампанія, якой кіруе клясычны тэхасец — чалавек, так бы мовіць, дзелавы, бяз лішніх размоў. Проста такі, як звычайна ўяўляюць клясычных амэрыканскіх нафтавікоў. Гэты вобраз можа быць вельмі прывабны для шэрагу людзей у расейскім урадзе, ім псыхалягічна лёгка мець зносіны з такімі людзьмі», — тлумачыць Эгерт.
Сам Трамп казаў, што Тылерсан «больш, чым буйны бізнэсовец. Ён — гулец сусьветнага кляса».
Сувязі з Расеяй абраны прэзыдэнт ЗША адносіў да пераваг кандыдата на пасаду дзяржсакратара. Аднак для Сэнату, які зацьвярджае намінантаў на найвышэйшыя пасады, гэта можа стаць аргумэнтам супраць.
У Рэкса Тылерсана нямала крытыкаў сярод амэрыканскіх заканадаўцаў, якія сумняваюцца ў мэтазгоднасьці прызначэньня на пасаду дзяржсакратара чалавека, які ўсталяваў, на іх погляд, занадта цесныя сувязі з расейскім кіраўніцтвам. Сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн абвясьціў пра тое, што сувязі Тылерсана з Уладзімерам Пуціным зьяўляюцца для яго «падставай для трывогі».
Член камітэту Сэната па міжнародных адносінах рэспубліканец Марка Рубіё таксама выказаў сумневы з нагоды кандыдатуры Тылерсана, напісаўшы ў твітэры: «Быць сябрам Уладзімера — гэта ня тая якасьць, якую я спадзяюся ўбачыць у дзяржсакратара».
Прыхільнік «чыстай» энэргетыкі дэмакрат Эд Маркі мяркуе, што адміністрацыю Трампа чакае «буйная бітва, калі будзе вылучаны Тылерсан». «Мы ня можам дазволіць, каб нафта замяніла дыпляматыю ў якасьці валюты Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША», — заявіў ён.