Колькасьць ісламістаў у турмах Нямеччыны ўзрасла на 30 працэнтаў

Турма ў Ляйпцыгу

У Нямеччыне колькасьць ісламістаў, якія ўтрымліваюцца ў турмах, за апошні год узрасла на траціну. У месцах зьняволеньня паводле абвінавачаньняў, зьвязаных з радыкальным ісламізмам, пад арыштам трымаюцца 155 чалавек, паведамляе ў суботу газэта Rheinische Post.

Большасьць радыкалаў былі затрыманыя ў Баварыі і Бэрліне. Каля паловы арыштаваных утрымліваюцца ў сьледчых ізалятарах. Ісламісты, якія знаходзяцца ў турмах, выклікаюць боязь у мясцовых уладаў, паколькі могуць радыкалізаваць іншых зьняволеных.

На гэты момант нямецкім спэцслужбам вядома пра 500 ісламістаў на тэрыторыі краіны. За апошнія 15 гадоў у Нямеччыне ўдалося прадухіліць 11 тэрактаў.