У якім выглядзе лепш ужываць вітаміны для даўгалецьця і здароўя

Апошнім часам досыць часта даводзіцца сутыкацца з разгубленасьцю нашых пацыентаў перад рознага кшталту рэклямай, якая вельмі настойліва і часам агрэсіўна прапаноўвае розныя рэчывы, біялягічна актыўныя дабаўкі да ежы і лекі.

Бадай што найбольш актыўна з розных сродкаў масавай інфармацыі прапаноўваюцца вітаміны, асабліва ў зімовы час, пры гэтым рэклямадаўцы абгрунтоўваюць свае прапановы недахопам карысных рэчываў менавіта ў зімовы час.

Экспэрты Міжнароднай асацыяцыі геранталёгіі і герыятрыі, у якую ўваходзіць і наша Беларускае рэспубліканскае геранталягічнае грамадзткае аб’яднаньне, рэкамэндуюць круглы год ужываць натуральныя вітаміны, якіх шмат у складзе так званай каляровай (чырвонай, жоўтай, сіняй, зялёнай і інш.) садавіны і гародніны — гэта каратыноіды, вітаміны С, Е, групы В, а таксама шмат клятчаткі, якая садзейнічае нармалізацыі стула і мае эфэкт дэзінфэкцыі за кошт вывядзеньня з арганізму таксынаў, якія фарміруюцца празь дзейнасьці мікраарганізмаў у тоўстым кішэчніку, асабліва ў людзей сталага ўзросту.

Выпадак з практыкі. Да нас зьвярнулася жанчына 37 гадоў, вялікая прыхільніца здаровага ладу жыцьця, якая адзначыла наяўнасьць крапіўніцы пры ўжываньні новых комплексных вітамінаў, якія набыла не паводле рэкамэндацыі лекара, але самастойна ў аптэцы. Яна таксама самастойна кінула іх ужываць і зьвярнулася па параду — чым лепей замяніць вітамінны прэпарат, які ёй не падышоў. Мы растлумачылі ёй, што сучасны падыход заключаецца ў тым, што калі няма спэцыяльных паказаньняў, то аптымальным зьяўляецца штодзённае ўжываньне натуральнай садавіны і гародніны, у тым ліку ў зімовы час, дзе ў комплексе знаходзяцца ўсе неабходныя вітамінныя карысныя рэчавы. Жанчына прыслухалася да нашых парад і адзначыла добрае самаадчуваньне праз пэўны час.

Навуковае абгрунтаваньне. Згодна зь некаторымі сьвежымі навуковымі дадзенымі, напрыклад, Эўрапейскай групы па вывучэньню старэньня галаўнога мозга, у натуральных садавіне і гародніне знаходзяцца вітаміны ў натуральнай, таму максымальна засваяльнай арганізмам форме.

Парада. Для папаўненьня запасаў неабходных вітамінаў і карыснай клятчаткі ўжывайце 400 граммаў садавіны і гародніны ў дзень на працягу ўсяго году. Вазьміце за правіла, што калі вы ня зьелі 2-3 яблыкі ў дзень, то ён прайшоў для вас марна.