Знойдзены новыя масавыя пахаваньні забітых «Ісламскай дзяржавай»

Паблізу Мосула знойдзеныя два масавыя пахаваньні, у якіх ляжаць целы 18 языдаў — прадстаўнікоў ірацкай рэлігійнай меншасьці. Пра гэта стала вядома пасьля таго, як ваяўнікі курдзкіх узброенных фармаваньняў выбілі джыхадыстаў з Мосула.

Курдзкія ваяўнікі выявілі магілы каля скрыжаваньня Шабабіт на паўночным захадзе Іраку падчас абсьледаваньня тэрыторыі. У пахаваньнях знаходзіліся косткі і пасьведчаньні асобаў, закапаных пяском пры дапамозе бульдозэра.

«Ісламская дзяржава» сыстэматычна забівала, захоплівала і брала ў няволю тысячы языдаў летам 2014 году, калі захапіла Сінджар, дзе многія зь іх жылі. Сьледчыя ААН лічаць, што дзеяньні «Ісламскай дзяржавы» ў дачыненьні да языдаў уяўляюць сабой генацыд.

Мэр Сінджара лічыць апошнія знойдзеныя масавыя пахаваньні языдаў 29-мі па ліку. На ягоную думку, гэтая лічба можа ўзрасьці да больш чым сарака па меры таго, як тэрыторыі будуць вызваляцца ад тэрарыстаў.