Саудаўская Арабія сарвала перамовы з Расеяй наконт нафты. Цэны паляцелі ўніз

Саудаўская Арабія адмовілася ад удзелу ў заплянаваных перамовах з удзелам Расеі аб магчымым абмежаваньні здабычы нафты краінамі, якія не ўваходзяць у АПЭК.

Перамовы, заплянаваныя на 28 лістапада ў Вене, адменены. Пра гэта паведаміла агенцтва Bloomberg.

Краіны-чальцы АПЭК правядуць унутраную сустрэчу, на якой паспрабуюць урэгуляваць свае рознагалосьсі. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра магчымае скарачэньне абʼёмаў здабычы нафты Іранам і Іракам, паведамілі два дэлегаты АПЭК, якія пажадалі застацца ананімнымі. Пра гэта інфармуе «Нямецкая хваля».

Іран дамагаецца ад партнэраў згоды на аднаўленьне сваёй нафтаздабычы да ўзроўню, які папярэднічаў міжнародным санкцыям супраць Тэгерана. Ірак патрабуе для сябе выключных умоў, тлумачачы, што тэрмінова мае патрэбу ў нафтавых даходах для барацьбы з джыхадыстамі. Прадстаўнікі Саудаўскай Арабіі сьцьвярджаюць, што неабходна ўрэгуляваць рознагалосьсі ўнутры АПЭК, перш чым весьці перамовы з такімі краінамі, як Расея.

Пасьля зьяўленьня інфармацыі пра зрыў перамоваў цана на нафту маркі Brent на лёнданскай біржы ўпала на 3,6 адсотка да 47,24 даляра за барэль, цана на нафту маркі WTI на нью-ёркскіх біржах упала да 46,06 даляра за барэль.