Узбэкістан выпускае вядомага палітвязьня пасьля 23,5 гадоў у турме

Самандар Куканаў

Узбэцкія ўлады выпускаюць з турмы апазыцыянэра і былога дэпутата Вярхоўнага савету Узбэцкай ССР 72-гадовага Самандара Куканава, паведамілі Радыё Свабода сваякі палітвязьня.

«Апошні прысуд быў адменены. Нам патэлефанавалі і сказалі: Забірайце Самандара дадому», — напісаў у рэдакцыю Радыё Свабода адзін са сваякоў Куканава.

Куканаў, які адбывае самае доўгае палітычнае зьняволеньне ва Ўзбэкістане, знаходзіўся ў турме з 1993 года. Тады яго прызналі вінаватым у антыканстытуцыйнай дзейнасьці і растраце дзяржмаёмасьці.

Паплечнікі і сямʼя палітвязьня сьцьвярджаюць, што прадпрымальнік і дэпутат Куканаў, які стаў вядомым у палітычных колах яшчэ ў 80-я гады, быў арыштаваны і на працягу доўгага часу ўтрымліваўся ў турме па асабістым загадзе першага прэзыдэнта краіны Іслама Карымава.

У дакладзе Human Right Watch 2014 года сьцьвярджаецца, што Куканава арыштавалі ў 1993 праз пратэст апазыцыйных палітыкаў — яны выступалі супраць рашэньня Карымава падпарадкаваць сабе ўсе падразьдзяленьні службы бясьпекі.

Пасьля арышту спэцслужбы каля года трымалі яго ў склепе без сувязі з вонкавым сьветам і без прадастаўленьня адваката. У гэтым жа годзе Куканава прысудзілі да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Тэрмін працягвалі двойчы.

Апошні тэрмін 72-гадовага Куканава скончыўся 6 кастрычніка 2016, але з калёніі ў горадзе Зарафшане ён так і ня выйшаў — нібыта з-за рэгулярных парушэньняў правілаў унутранага распарадку турмы.