Севярынец: У сераду палітвязьня Ўладзімера Кондруся пераводзяць у «Навінкі»

Судзяць апошняга вязьня Плошчы. Ён лёг на знак пратэсту, а потым пачаў рэзаць вены. Фота з суду

Палітвязьня Ўладзімера Кондруся пераводзяць 23 лістапада ў «Навінкі» для псыхіятрычнай экспэртызы, прызначанай Маскоўскім судом Менску. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў беларускі моладзевы хрысьціянскі палітык і публіцыст Павал Севярынец.

16 лістапада, калі пачаўся працэс над Уладзімерам Кондрусем, ён спрабаваў парэзаць сабе вены на руцэ, пасьля чаго суд пастанавіў накіраваць падсуднага на комплексную псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу. Ягоныя паводзіны суд назваў няўдалай спробай суіцыду.

39-гадовага жыхара Рудзенску Ўладзімера Кондруся абвінавачваюць ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.