Валянцін Голубеў прэзэнтаваў сваю «Гісторыю Беларусі»

Валянцін Голубеў

Валянцін Голубеў прадставіў у гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця «Гісторыю Беларусі ад заканчэньня Другой сусьветнай вайны да пэрыяду будаўніцтва незалежнай дзяржавы (1945-2016)». Яна выйшла ў выдавецтве Зьмітра Коласа накладам 300 асобнікаў.

Валянцін Голубеў, гісторык, былы ўдзельнік парлямэнцкай апазыцыі БНФ, напісаў сваю гісторыю Беларусі (дзьве першыя часткі — у суаўтарстве).

«Гісторыя Беларусі» Валянціна Голубева

Апошняя, трэцяя, датычыць найноўшага пэрыяду. Гэта ня аўтарская вэрсія гісторыі. Большасьць зьвестак агульнавядомыя. Аднак аўтар зьвяртае ўвагу на некаторыя менш распаўсюджаныя факты. Напрыклад, што пабудова ў разбураным Менску новых вялікіх заводаў, такіх як аўтамабільны і трактарны, стала магчымай дзякуючы атрыманым пасьля вайны рэпарацыям ад пераможанай Нямеччыны.

Важнай задачай было даць зьвесткі за 1991-1994 гады, што датычацца стварэньня Рэспублікі Беларусь і пабудовы ўласнай дзяржаўнасьці. Сёньня ўлады схільныя іх затушоўваць, быццам сучасная Беларусь пачалася з Лукашэнкі, лічыць аўтар. Вядома, што ў гэтым рэчышчы былі скасаваныя дзяржаўныя сымбалі і Дзень Незалежнасьці. Валянцін Голубеў дае ў сваёй кнізе, у прыватнасьці, прозьвішчы дэпутатаў Вярхоўнага Савету ад апазыцыі, якімі былі прыкладзеныя высілкі для атрыманьня краінай незалежнасьці.

Валянцін Голубеў падпісвае кнігу