Яшчэ адна беларуская спартоўка пазбаўленая алімпійскага мэдаля за допінг

  • БелаПАН

Беларуская штангістка Ірына Кулеша (вагавая катэгорыя да 75 кг) пазбаўленая бронзавага мэдаля летніх Алімпійскіх гульняў 2012 году за ўжываньне допінгу, паведаміў 21 лістапада Міжнародны алімпійскі камітэт.

Дзякуючы новым тэхналёгіям, у яе аналізах, узятых пасьля спаборніцтваў, выяўленыя забароненыя рэчывы турынабол і станазалол.

17 лістапада МАК абвясьціў аб ануляваньні выніку спартоўкі на Алімпіядзе 2008 году ў Пэкіне (чацьвёртае месца): у яе аналізе быў знойдзены турынабол.

Такім чынам, колькасьць мэдалёў, заваяваных беларускімі спартоўцамі на АГ-2012, скарацілася да 10 (2 залатыя, 5 срэбных і 3 бронзавыя). 27 кастрычніка сёлета бронзавага мэдаля Алімпійскіх гульняў у Лёндане ў вагавой катэгорыі да 69 кг была пазбаўленая штангістка Марына Шкерманкова (у аналізе выяўленыя турынабол і станазалол).