За абліваньне фарбай памятнага знаку ахвярам нацызму распачалі крымінальную справу

Пашкоджаны помнік

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле «хуліганства» ў сувязі з псаваньнем 19 лістапада памятнага знаку габрэям — ахвярам нацызму ў Магілёве, паведамляе прэс-сакратарка СК Юлія Ганчарова на Facebook.

Сьледчыя правялі агляд месца злачынства, узялі на экспэртызу фарбу з помніка і «іншыя аб’екты» (магчыма, гаворка пра знойдзены недалёка ад помніка бак з чорнай фарбай). Органам дазнаньня дадзенае даручэньне правесьці апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы, каб вызначыць падазраваных.

Таксама сьледчыя зьвярнуліся з просьбай да відавочцаў ці тых, хто мае значную інфармацыю пра здарэньне, тэлефанаваць ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці на нумары +375 222 29-82-62 і +375 33 399-40-04.

У 2012 годзе памятны знак, усталяваны ў памяць пра расстраляных нацыстамі нявольнікаў магілёўскага гета, ужо аблівалі фарбай. Тады зламысьнікам, паводле міліцыі, аказаўся бомж. Ён нібыта знайшоў бляшанку з фарбай, паставіў яе на памятны знак, каб агледзець зьмесьціва, і фарбу разьліў.

Памятны знак з высечанымі на ім далонямі магілёўскія габрэі ўсталявалі на вуліцы Лазарэнкі ў 2008 годзе. На яго месцы ў жніўні 1941 году нацысты зьбіраліся зрабіць уваход у гета, але ў кастрычніку яны забілі зьняволеных габрэяў. Зь дзесяці тысяч ацалелі адзінкі. Сродкі на памятны знак габрэі зьбіралі грамадой.