Ва Ўкраіне затрымалі трох грамадзян за выкраданьне і спробу забойства былога афіцэра ФСБ Расеі

Ільля Багданаў

Служба бясьпекі, Генэральная пракуратура і Нацыянальная паліцыя Ўкраіны ў часе супольнай апэрацыі затрымалі трох грамадзян Украіны, якія на замову Фэдэральнае службы бясьпекі Расеі выкралі і спрабавалі вывезьці ў Расею грамадзяніна Ўкраіны, былога расейскага афіцэра Ільлю Багданава.

«Затрыманыя тры асобы, у тым ліку і дэпутат Харкаўскай абласной рады. Усе яны ёсьць грамадзянамі Ўкраіны», — паведаміў сёньня на брыфінгу кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак.

Паводле яго, арганізацыяй выкраданьня Ільлі Багданава на тэрыторыі Ўкраіны займалася Галоўнае ўпраўленьне выведкі Расеі, а перадачай на тэрыторыю Расеі — ФСБ. Былога афіцэра ФСБ выкралі ў Кіеве і спрабавалі перамясьціць у Расею на мяжы ў Харкаўскай вобласьці.

«Больш за ўсё зьдзіўляе, што я ўжо грамадзянін Украіны, а спробы ліквідаваць мяне трываюць. Гэта проста тэрарыстычная дзейнасьць. Я чуў перамовы, як яны радаваліся, што мяне ўзялі, потым, як давалі каманду на маё забойства... Гэта перамога, што СБУ спрацавала, адолела гэтую чэкісцкую машыну», — заявіў Ільля Багданаў.

14 лістапада Кіеўскае гарадзкое ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны адкрыла крымінальную справу ў сувязі са зьнікненьнем былога афіцэра Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Ільлі Багданава, які ў 2014 годзе перайшоў на бок Украіны. Сябры і знаёмы Багданава паведамілі, што апошні раз размаўлялі зь ім 12 лістапада, але з таго моманту на сувязь ён не выходзіць і ягонае месцазнаходжаньне — невядома.

Ільля Багданаў ваяваў у складзе батальёну «Данбас», у 2014 годзе афіцыйна адмовіўся ад расейскага грамадзянства і зьвярнуўся з заяваю пра атрыманьне грамадзянства Ўкраіны. У Расеі супраць яго адкрылі крымінальную справу за дзяржаўную здраду.

Пасьля атрыманьня ўкраінскага грамадзянства Ільля Багданаў заяўляў, што расейскія спэцслужбы тройчы рыхтавалі апэрацыі па яго фізычным зьнішчэньні. Летась паводле падазрэньня ў падрыхтоўцы забойства былога расейскага афіцэра Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала жыхара Данбасу, які па выніках расьсьледаваньня быў асуджаны да 8,5 гадоў пазбаўленьня волі.