МНС супакойвае: аварыяў на суседзкіх АЭС няма, у інтэрнэт патрапіў сцэнар вучэньняў

Камандава-інжынэрны інстытут МНС Рэспублікі Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Беларуская суполка анархістаў «Прамень» выклала ў сеціва фота загаду Міністэрства сельскай гаспадаркі аб рэжыме падвышанай гатоўнасьці ў сувязі з аварыяй на Ровенскай АЭС (Украіна) і разгермэтызацыяй корпусу рэактара на Смаленскай АЭС (Расея).

Міністэрства сельскай гаспадаркі не змагло пракамэнтаваць тэкст указу: прэс-сакратар міністэрства да панядзелка на вучобе. Але загад ахвотна пракамэнтавала Міністэрства надзвычайных сытуацыяў: у сеціва патрапіў сцэнар вучэньняў.

«У сацыяльных сетках я выклаў поўную вэрсію дакумэнту, бо калі анархісты выкладвалі гэты дакумэнт, яны наўмысна ці ненаўмысна абрэзалі верхнюю частку, дзе справа зьверху напісана: „наконт вучэньня“, — кажа Свабодзе прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі. — Такія вучэньні праводзяцца штогод, сцэнары заўжды бяруцца максымальна магчымыя, каб у рэжыме камандава-штабнога трэнінгу (а гэта не рэальныя дзеяньні) міністэрствы і ведамствы адпрацавалі свой унутраны парадак дзеяньняў у такіх сытуацыях».

Навіцкі пацьвярджае: сцэнар вучэньняў цалкам рэальны, але сапраўднай пагрозы няма. Усе дакумэнты па вучэньнях не сакрэтныя і яны заўсёды суправаджаюцца шапкай: «наконт вучэньня» («по учению»). Ён вывучае, ці рабіць далейшыя крокі стасоўна людзей, якія апублікавалі такі дакумэнт, абрэзаўшы подпіс пра вучэньні.