Апытаньне сацыёлягаў: 63% расейцаў хочуць пакінуць Пуціна прэзыдэнтам

Дзьве траціны расейцаў (63%) хочуць бачыць Уладзімера Пуціна на пасадзе прэзыдэнта Расеі па заканчэньні яго цяперашняга прэзыдэнцкага тэрміну ў 2018 годзе. Гэта самы высокі паказчык з кастрычніка 2012 году. Пра гэта сьведчаць дадзеныя апытаньня «Левада-цэнтра», якія публікуюць «Ведамасьці».

Чатыры гады таму жадаючых бачыць Пуціна прэзыдэнтам у 2018 годзе было амаль удвая менш — 34%, у 2014 годзе іх стала ўжо больш за палову, адзначаюць сацыёлягі.

У той жа час, колькасьць тых, хто ня хоча, каб Пуцін ішоў на новы тэрмін, з 2012 года ўпала больш чым удвая — з 40 да 19 працэнтаў. Толькі чвэрць рэспандэнтаў вераць у тое, што да 2018 году ў Расеі можа зьявіцца лідэр, здольны замяніць Пуціна на пасадзе прэзыдэнта. Чатыры гады таму такіх было амаль палова — 49%.

Выбары прэзыдэнта Расеі заплянаваныя на сакавік 2018 году.

Паведамленьні аб магчымасьці правядзеньня датэрміновага галасаваньня раней неаднаразова абвяргалі ў Крамлі. Сам Пуцін заяўляў, што пакуль ня вырашыў, ці будзе ён чарговым разам балятавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы.