Менчукі супраць чырвоных і зялёных электробусаў

Гібрыдны беларускі аўтобус "Vitovt А420" "Белкамунмаш", ілюстрацыйнае фота

У сьнежні на вуліцах Менску зьявяцца электрычныя аўтобусы, якія будуць пафарбаваныя ў жоўты колер. Так вырашылі жыхары сталіцы, якіх запрасілі выказацца пра колер электрааўтобусаў падчас апытаньня, якое цягам тыдня праводзілася на сайце tut.by. Прапановы фарбаваць новы від гарадзкога транспарту ў чырвоны ці зялёны колер удзельнікамі апытаньня не былі падтрыманыя.

Усяго было прапанавана 5 варыянтаў: чырвоны, сіні, жоўты, зялёны і шэра-зялёны. Як паведамляе tut.by, ад пачатку апытаньня ў лідэры вырваліся аматары жоўтага колеру і ўжо не саступілі пазыцыяў. У выніку за такі варыянт афарбоўкі электробусаў выказаліся 16 тысяч чалавек, альбо 39%. удзельнікаў галасаваньня. На другім месцы апынуліся прыхільнікі шэра-зялёных электробусаў, а за чырвоныя і зялёныя машыны прагаласавала найменей удзельнікаў апытаньня.

Электробусы — гэта аўтобусы, у якіх усталяваны электрычны рухавік. Тыя, што ў сьнежні выйдуць на транспартныя ліні Менску, выраблены на сталічным прадпрыемстве «Белкамунмаш». Адной зарадкі батарэяў гэтага электробуса хапае на 10-12 кілямэтраў хады. Зараджаць свае рухавікі электробусы будуць на канцавым прыпынку.

У сьнежні 2016 году 2 жоўтыя электробусы пачнуць курсаваць тралейбусным маршрутам № 43 «Сярова — Дружная». Гэта будзе так званая абкатка новага транспарту. А ўжо ў сакавіку-красавіку 2017 году ў Менску на лініі выйдзе яшчэ 14 электробусаў «Белкамунмашу». Яны таксама будуць жоўтага колеру.