Журналістам тут ня месца. Ува што ператвараецца Турэччына пасьля спробы вайсковага перавароту

Ілюстрацыйнае фота. Узброены супрацоўнік службы бясьпекі на варце ля галоўнага офісу штодзённай газэты Cumhuriyet («Рэспубліка»), галоўны рэдактар і журналісты якой былі нядаўна арыштаваныя. Стамбул, 31 кастрычніка 2016 году

Нязгодных з палітыкай Эрдагана ў Турэччыне затрымлівалі даўно. Розьніца толькі ў тым, што да лета 2016 году гэта рабілі прыхавана, а пасьля спробы вайсковага перавароту турмы масава напаўняюцца вайскоўцамі, журналістамі, выкладчыкамі. Напярэдадні прыезду ў Менск прэзыдэнта Эрдагана пра Турэччыну вачыма іншаземца Свабодзе распавёў іранскі журналіст Мохсэн Садры (Mohsen Sadri).

Пакуль Турэччына — трэцяя ў сьпісе самых вялікіх турмаў для журналістаў. Але імкнецца стаць першай

Я жыву ў Cтамбуле з 2013 году. Пераехаў сюды найперш дзеля працы. Таксама было цікава пажыць у іншай краіне — гэта новы досьвед для мяне. А Турэччына — акурат адна зь нямногіх краінаў, куды іранцы могуць паехаць бязь візы. Менавіта сюды часьцей за ўсё едуць турысты з Ірану, і сюды пераяжджаюць дзеля працы.

І трэба мець на ўвазе, што працаваць журналістам у Іране было складана. Я пісаў пра тэхналёгіі і сацыяльныя мэдыі. Але нават у гэтай сфэры ў Іране існуе палітычная цэнзура.

Ілюстрацыйнае фота. Паліцыя ўжывае сьлезацечны газ супраць дэманстрантаў падчас акцыі пратэсту ў сувязі з арыштам двух журналістаў у Анкары. 27 лістапада 2015 году

Ня ведаючы мовы, працаваць журналістам у Турэччыне немагчыма. Таму я стаў займацца піярам і рэклямай. Да таго ж ужо ў тыя часы працаваць журналістам было ня так бясьпечна. Турэччына — ня самая вялікая турма для журналістаў у сьвеце. Пакуль яна трэцяя ў гэтым сьпісе. Але вельмі імкнецца стаць першай. Рызыка трапіць за краты для журналістаў тут вельмі вялікая.

Тое самае, праўда, было і ў 2013 годзе — пасьля пратэстаў за захаваньне парку Гезі. І пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Але ў ранейшыя часы ўлады былі вымушаныя перасьледаваць журналістаў не ў адкрытую. А пасьля спробы вайсковага перавароту іх ужо нічога ня стрымлівае.

Людзей арыштоўваюць за абразу Эрдагана ў сацсетках

Цягам трох гадоў, што я тут жыву, я назіраў, як прэзыдэнт Эрдаган і ягоная Партыя Справядлівасьці і Разьвіцьця паступова ўзмацнялі сваю ўладу. Цяпер тут няма сур’ёзнай апазыцыі. Ні ў парлямэнце, ні ў мэдыях, ні ў войску.

Напрыклад, газэта Zaman («Час») заставалася адным зь нямногіх мэдыяў, якія крытыкавалі Эрдагана. Гэта самая масавая газэта Турэччыны, штодзённы наклад даходзіў да 650 тысяч асобнікаў. І што зрабілі ўлады? Яны арыштавалі рэдактараў, журналістаў звольнілі і ўзялі газэту пад свой кантроль.

Усяго пасьля спробы перавароту закрыліся 50 мэдыяў. Толькі на гэтым тыдні ўлады арыштавалі 12 журналістаў газэты Cumhuriyet («Рэспубліка») — самай старой з уплывовых газэт Турэччыны. Гэта было літаральна апошняе прафэсійнае масмэдыя, якое крытыкавала Эрдагана.

Мужчына чытае газэту Cumhuriyet («Рэспубліка») ля галоўнага офіса рэдакцыі ў Стамбуле, падчас затрыманьня журналістаў

Вядома, Турэччына — гэта не Паўночная Карэя. Дагэтуль на тэлебачаньні можна пачуць крытыку рэжыму. Таксама студэнцкія мэдыі застаюцца незалежнымі. Але іх усё менш.

Сацыяльныя мэдыі не кранаюць да пэўнай ступені. З аднаго боку, людзі вольныя ў выказваньнях і пішуць што хочуць. Але калі чалавек сваёй дзейнасьцю ў сетках будзе прыцягваць шмат увагі, ён можа трапіць у небясьпеку. Было ўжо некалькі выпадкаў, калі карыстальнікаў сацсетак арыштоўвалі за абразу Эрдагана.

Калі так працягнецца, Турэччына будзе горшая за Іран

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманыя турэцкія салдаты, якія быццам бы прымалі ўдзел у вайсковым перавароце, сядзяць у аўтобусе ля будынку суду ў Стамбуле. 20 ліпеня 2016 году

У першыя дні пасьля перавароту ніхто не наважваўся абмяркоўваць гэтыя падзеі. Але цяпер, пасьля шматлікіх звальненьняў і арыштаў вайскоўцаў і паліцыянтаў, журналістаў і выкладчыкаў, людзі пачынаюць гаварыць пра гэта ўголас. Яшчэ больш людзей разьюшвае эканамічны стан. Курс ліры за год упаў з 2,2 да 3,2 за даляр. А гэта значыць, што ўсё даражэе.

Аднак пры любым абмеркаваньні ўсе адчуваюць мяжу, якую нельга пераходзіць. У галовах людзей сфармавалася самацэнзура.

Гэта тое, што адбываецца ў Стамбуле. Тут людзі могуць выказаць яшчэ нейкі пратэст. Але Стамбул і Ізьмір (трэці па колькасьці насельніцтва горад у Турэччыне. — РС) — можна лічыць за асобныя краіны.

Прыхільнікі газэты Zaman ("Час") трымаюць газэты падчас дэманстрацыі супраць арышту журналістаў ля офісу паліцыі ў Стамбуле. 15 сьнежня 2014 году

У большасьці малых гарадоў цэнтральнай і ўсходняй Турэччыны людзі жывуць больш традыцыйна. Яны даволі рэлігійныя, а таму Эрдагану лёгка прадаваць ім свае ідэі. Ягоная партыя — адзіная рэлігійная група ва ўладзе, і многія людзі сапраўды яе любяць.

Кансэрватыўная кіроўная партыя, моцная рэлігійнасьць, эканамічныя праблемы і міжнародная ізаляванасьць. Усё гэта ўсё больш і больш нагадвае Іран. Я кажу сваім сябрам: «Тое, што вас зьдзіўляе сёньня ў Турэччыне, для іранцаў — шматгадовая рэчаіснасьць».

І ўсё падобна да таго, што тут будзе яшчэ горш, чым у Іране. У выпадку, калі ўлады працягнуць такую самую палітыку.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган з жонкай вітаюць людзей на мітынгу, арганізаваным на знак пратэсту супраць спробы вайсковага перавароту. Стамбул, 7 жніўня 2016 году

Я нават ужо задумваюся, каб вярнуцца ў Іран. Праўда, у Іране ў мяне няма хуткаснага інтэрнэту і доступу да міжнародных банкаўскіх картак, як тут. Гэта даволі важныя рэчы для мяне.

Але, зазіраючы ў будучыню, я ня бачу асаблівых пэрспэктыў у Турэччыне. Калі тут будзе такая ж дрэнь, як у Іране, дык я абраў бы радзіму. І я не адзін задумваюся пра пераезд. Некаторыя мае сябры-экспаты спрабуюць цяпер перабрацца ў Эўропу.