Тры расейскія субмарыны накіроўваюцца да берагоў Сырыі

Зьнішчальнік Су-33 на палубе авіяносьбіта, які ўзначальвае расейскую апэратыўную групу

Тры расейскія атамныя падводныя лодкі, узброеныя найноўшымі крылатымі ракетамі, далучыліся да апэратыўнай групы Вайскова-марскога флёту Расеі, якая ішла да берагоў Сырыі на чале з авіяносьбітам «Адмірал Кузьняцоў».

Брытанская газэта The Sunday Times паведаміла, што караблі Вайскова-марскога флёту Вялікабрытаніі назіраюць за паходам дзьвюх атамных субмарын клясы «Акула» і дызэльнай падводнай лодкі клясы «Кіло», якія нядаўна ўвайшлі ў воды паўночнай Атлянтыкі. Паводле паведамленьня газэты, усе тры падводныя караблі пачалі свой паход з партоў у раёне Мурманску на мінулым тыдні.

На Захадзе занепакоеныя здагадкамі, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа аддаць загад аб нанясеньні «канчатковых зьнішчальных удараў» па Алепа, пішацца ў публікацыі.