Расейскія ВНУ правяраюць на «пратэставы патэнцыял» — «КоммерсантЪ»

Ілюстрацыйнае фота. Санкт-Пецярбурскі акадэмічны ўнівэрсытэт РАН

У вышэйшых навучальных установах Расеі сіламі грамадзян праводзіцца ацэнка «пратэставага патэнцыялу» студэнтаў і прафэсараў, піша «КоммерсантЪ». Па выніках праверак будуць складзеныя даведкі «для службовага выкарыстаньня» органаў дзяржаўнай улады.

Гэта абмяркоўвалася на шостым Кангрэсе прарэктараў ВНУ па выхаваўчай рабоце ў Маскве. Аўтары дасьледаваньня сьцьвярджаюць, што сярод выкладчыкаў сталічных ВНУ «адбываецца дэструктыўная прапаганда антыдзяржаўных ідэяў».

Намесьнік кіраўніка Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і прагнозаў РУДН Мікіта Данюк адзначыў, што «дзяржава знаходзіцца ў стане неабвешчанай вайны», якая «мае гібрыдны характар і вядзецца на шмат франтоў». Адзін з такіх франтоў, казаў ён, «мэнтальны»: Захад выкарыстоўвае «практыку інсьпіраваньня дзяржаўных пераваротаў», а студэнцтва ў гэтым — адзін з галоўных «дэструктараў».

Цягам двух гадоў Данюк з калегамі наведаў 40 маскоўскіх і дзясятак рэгіянальных ВНУ, дзе заклікаў студэнтаў адкрыта выказваць свой пункт гледжаньня на палітычныя пытаньні, далучацца да дыскусіі. Насамрэч гэта і было яго дасьледаваньне «пратэставага патэнцыялу».

Цяпер, каб «ня даць дзяржаве апусьціцца ў хаос і безуладзьдзе», яго каманда распрацавала адмысловую адукацыйную праграму лекцыяў «у пытаньнях процідзеяньня дэструктыўным палітычным сілам». Праект лекцыяў мае рэалізоўвацца пры ўдзеле руху «Антымайдан».