Літва заклікала ўвесьці новыя санкцыі супраць Расеі за бамбаваньні Алепа

Лінас Лінкявічус

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заклікаў Эўрапейскі Зьвяз увесьці новыя санкцыі супраць Расеі ў адказ на яе паветраныя удары па грамадзянскіх аб’ектах у кантраляванай сырыйскімі паўстанцамі ўсходняй частцы гораду Алепа.

У інтэрвію Радыё Свабода падчас працы Рады замежных справаў ЭЗ у Люксэмбургу 17 кастрычніка Лінкявічус сказаў, што санкцыі «лягічны шлях, таму што гэта адзіны рычаг», які Эўразьвяз выкарыстоўвае.

Паводле словаў Лінкявічуса, ЭЗ павінен працягваць ціск на Расею з дапамогай санкцый, «таму што ў адваротным выпадку мы ня можам чакаць нейкіх зьменаў сытуацыі на месцах» у Сырыі.

Міністры замежных спраў Эўразьвязу абмяркоўваюць, як ЭЗ павінен рэагаваць на атакі, якія забілі сотні мірных жыхароў у Алепа, паколькі перамір’е пры пасярэдніцтве Расеі і ЗША паваліліся 19 верасьня.

Міністры заявілі 17 кастрычніка, што наўмысныя бамбардзіроўкі грамадзянскай інфраструктуры Алепа — у тым ліку бальніц, школ, а таксама неабходнай інфраструктуры — могуць быць прызнаныя ваеннымі злачынствамі Расеі і рэжыму прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада.

Рашэньне пра дадатковыя санкцыі супраць Расеі, хутчэй за ўсё, будзе пакінутае на двухдзённы саміт Эўразьвязу, які стартуе ў Бруселі 20 кастрычніка.