МАЗ, МТЗ, Беларуськалій... Прамысловыя гіганты звальняюць рабочых

Ілюстрацыйнае фота. Менскі трактарны завод

Міністэрства фінансаў апублікавала (XLSX) вынікі дзейнасьці адкрытых акцыянэрных таварыстваў за ІІ квартал 2016 году. Згодна зь імі, за год практычна ўсе з найбуйнейшых ААТ звальнялі працаўнікоў. 30 найбуйнейшых ААТ страцілі амаль 4 тысячы чалавек.

Топ-10 найбуйнейшых ААТ па колькасьці працаўнікоў цяпер выглядае так:

МТЗ — 16,8 тысячы чалавек, мінус 690 чалавек, альбо 3,9% да 2015 году;

МАЗ — 16,6 тысячы, мінус 1222, альбо —6,9%;

«Беларуськалій» — 16,5 тысячы, мінус 477, альбо —2,8%;

БМЗ — 10,9 тысячы, мінус 62, альбо —0,6%;

«Белшына» — 10,3 тысячы, мінус 283, альбо —2,7%;

«Нафтан» — 10 тысяч, мінус 827, альбо —7,6%;

«БелАЗ» — 9,9 тысячы, мінус 170, альбо —1,7%;

«Гомсельмаш» — 8,7 тысячы, плюс 552, альбо +6,8%;

«Гродна Азот» — 7,6 тысячы, мінус 188, альбо —2,4%;

«Газпром трансгаз Беларусь» — 6,6 тысячы, плюс 109, альбо +1,7%.

Сярод буйных прадпрыемстваў вялікія страты ў працаўніках за год таксама панесьлі МАПІД (мінус 11,3% працаўнікоў, засталося 6 тысяч), Будаўнічы трэст № 8 (мінус 10,7% працаўнікоў, засталося 3,8 тысячы) і Менскі маторны завод (мінус 7,3% працаўнікоў, засталося 4,6 тысячы).

Агулам з пачатку 2016 году ў Беларусі звольнілі на 92 тысячы больш, чым прынялі на працу. Але афіцыйна беспрацоўе пры гэтым не павялічылася. (Свабода нядаўна шукала, куды зьніклі працаўнікі).

За 5 год МАЗ страціў 40% працаўнікоў, МТЗ — 31%, «Белшына» — 20%, «Нафтан» — 23%, МАПІД — 38%, ММЗ — 33%, а Менскі падшыпнікавы завод — 60%. Беларуськалій зьменшыў штат толькі на 10%. Але, напрыклад, Мазырскі НПЗ павялічыў штат за 5 год на 15%, а «Гродна Азот» — на 5%.