Запраўкі UC выбачыліся перад Лабадзенкам за расейскамоўны адказ


Беларускі журналіст і каардынатар курсаў «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка атрымаў ад СТАА «Юнайтэд Компані» ліст, у якім кампанія просіць прабачэньня за расейскамоўны ліст у адказ на беларускамоўную скаргу.

У лісьце гаворыцца, што кампанія правяла тлумачальную працу з кіраўнікамі сярэдняга зьвяна і прыме меры для выкананьня закандаўства аб пісьмовых зваротах.

Але Лабадзенка ніяк не зьбіраецца рэагаваць на ліст, кажа ён Свабодзе, бо ў справе ня выступіў пацярпелым, а толькі праінфармаваў Генпракуратуру пра парушэньне. Генпракуратура ж скіравала справу ў пракуратуру Менскай вобласьці. Цяпер Лабадзенка кажа, што ня зможа паўплываць на разгляд справы, нават калі захоча.

Лабадзенка мяркуе, што ліст можа паслужыць «зьмякчальнай акалічнасьцю» ў судзе, калі такі будзе. Паводле закону, кампанія можа атрымаць штраф у 4-20 базавых велічыняў (84-420 рублёў на момант публікацыі), але Лабадзенка кажа, што сутыкаўся з выпадкамі, калі за парушэньне закону аб зваротах абмяжоўваліся пісьмовым папярэджаньнем.

Справа, якой тычыўся зварот, у лісьце ня згадвалася. Лабадзенка скардзіўся на тое, што на запраўках UC трансьлюецца тэлеканал «Россия-24», забаронены да распаўсюду ў Беларусі. Суд на пазоў Лабадзенкі супраць дырэктара UC адклалі для дапрацоўкі пратаколу. Дырэктару пагражае ад 20 да 50 базавых велічыняў штрафу за парушэньне парадку распаўсюду інфармацыі.