Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд на пазоў Лабадзенкі супраць дырэктара запраўкі United Company адклалі


АЗС United company, ілюстрацыйнае фота

АЗС United company, ілюстрацыйнае фота

У Стоўпцах не адбыўся суд у адміністрацыйнай справе дырэктара запраўкі United Company Віталя Кулака. Дырэктару пагражае ад 20 да 50 базавых велічыняў штрафу за парушэньне парадку распаўсюду інфармацыі.

У Стоўпцах не адбыўся суд у адміністрацыйнай справе дырэктара запраўкі United Company Віталя Кулака.

Дырэктару пагражае ад 20 да 50 базавых велічыняў штрафу за парушэньне парадку распаўсюду інфармацыі.

Суд ініцыяваў вядомы журналіст і блогер Глеб Лабадзенка.

Глеб Лабадзенка паведаміў, што суд адклалі нібыта для дапрацаваньня пратаколу: «Ня хочуць розгаласу ці прыкрываюць дырэктара запраўкі».

У жніўні на гэтай запраўцы ён папрасіў выключыць тэлеканал «Россия-24», на што атрымаў адмову і тлумачэньне, што дырэктар загадаў трансьляваць менавіта гэты канал і забараніў яго выключаць.

Журналіст дамогся завядзеньня адміністрацыйнай справы на дырэктара запраўкі.

«У выніку разбору высьветлілася, што канал „Россия-24“ увогуле нельга трансьляваць у Беларусі, бо ён ня мае тут акрэдытацыі. Ніякая запраўка ці кавярня гэтага рабіць ня маюць права. І гэта ўжо добры вынік», — лічыць Глеб Лабадзенка.

Таксама, паводле журналіста, падчас разбору стала вядома, што аўтазапраўка нумар 6 United Company ня мае ліцэнзіі на паказ тэлеканалаў, акрамя 9 з сацыяльнага пакету.

Тымчасам на самой запраўцы тэлевізар зусім выключылі, бо ня маюць ліцэнзіі на паказ тэлеперадачаў.

«Што да непасрэдна каналу „Россия-24“, дык я лічу, што яго ўвогуле ня маюць паказваць у Беларусі, бо гэта рупар інфармацыйнай вайны, якую Расея вядзе супроць суседняй Украіны. Для нас гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі», — мяркуе журналіст Глеб Лабадзенка.

Калі адбудзецца паседжаньне суду ў Стоўпцах, Глебу Лабадзенку не паведамілі. У судзе журналісту сказалі, што гэта залежыць ад таго, калі ўчастковы міліцыянт, які складаў на дырэктара аўтазапраўкі пратакол, выправіць яго. Зьвязацца зь міліцыянтам Лабадзенку не ўдалося. Аказалася, што сёньня ў яго выходны, мабільны таксама маўчыць.

«Два варыянты: альбо не хацелі розгаласу, бо ведалі, што на суд прыедуць журналісты, альбо ўвогуле прыкрываюць дырэктара, каб не прагучала, што ў Стоўпцах караюць за расейскі канал. Але ў кожным разе лічу гэта ўжо перамогай, бо створаны прэцэдэнт, і ўжо нідзе на запраўках гэты канал ня ўключаць», — мяркуе Глеб Лабадзенка.

XS
SM
MD
LG