Як беларуская армія вучыцца зьнішчаць сэпаратыстаў (відэа)

Ілюстрацыйнае фота

Тэлекампанія «ВаенТБ» апублікавала відэарэпартаж з вучэньняў на Лепельскім палігоне, падчас якіх беларускія вайскоўцы адпрацоўвалі апэрацыю па зачыстцы населенага пункта ад баевікоў.

Паводле інфармацыі «ВаенТБ», на Лепельскім палігоне дзейнічала 19-я мэханізаваная брыгада (у тым ліку 300 вайскоўцаў запасу).

«Эпізод узброенага канфлікту, які яшчэ не прапісаны ў падручніках, але ўжо рэалізоўваўся ў многіх краінах, адпрацаваны пасьпяхова», — рэзюмуецца ў відэарэпартажы.

Як паведаміла ўчора выданьне Міністэрства абароны Беларусі «Во славу Родины», падчас вучэньняў на палігоне Лепельскі «незаконныя ўзброеныя фармаваньні занялі ўмоўны населены пункт Жылін з мэтай схіленьня мірнага насельніцтва на свой бок».

«Прадстаўнікі Ўзброеных сілаў і Міністэрства ўнутраных справаў павінны былі правесьці перамовы аб вывадзе мірнага насельніцтва зь небясьпечнага пэрымэтру, а ў выпадку нязгоды сэпаратыстаў з высунутымі ўмовамі — правесьці апэрацыю па зачыстцы і блякаваньні гораду», — піша «Во славу Родины».

«ВаенТБ» таксама паведамляе, што адначасова пад Полацкам беларускія вайскоўцы адпрацоўвалі апэрацыю па дэблякадзе занятага бандфармаваньнем аэрадрому.