Як паведамляе выданьне Міністэрства абароны Беларусі «Во славу Родины», падчас вучэньняў на палігоне Лепельскі, «незаконныя ўзброеныя фармаваньні занялі умоўны населены пункт Жылін з мэтай схіленьня мірнага насельніцтва на свой бок».
«Прадстаўнікі Ўзброеных Сіл і Міністэрства ўнутраных спраў павінны былі правесьці перамовы аб вывадзе мірнага насельніцтва з небясьпечнага пэрымэтру, а ў выпадку нязгоды сэпаратыстаў з высунутымі ўмовамі — правесьці апэрацыю па зачыстцы і блякаваньні гораду,» — піша «Во славу Родины».
Выданьне адзначае, што за сумеснымі дзеяньнямі падраздзяленьняў Узброеных Сіл і ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў назіраў міністар абароны Беларусі генэрал-лейтэнант Андрэй Раўкоў.