"Адзіная Расея" выйграе выбары ў Дзярждуму - экзіт-полы

У Расеі завяршылася галасаваньне на выбарах у Дзярждуму і заканадаўчы сход.

Па дадзеных экзіт-полу, які апублікаваў Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ): "Адзіная Расея" атрымлівае 44,7% галасоў выбарцаў, КПРФ — 14,9%, ЛДПР — 15,3%, "Справядлівая Расея" — 8,1%.

Згодна з экзіт-полам, партыя "Яблоко" набрала звыш 3%, што дазволіць ёй атрымаць дзяржаўную датацыю. «Камуністы Расеі» набіралі 2,6% галасоў, «Радзіма» — 2,3% галасоў, Расейская партыя пэнсіянэраў «За справядлівасьць» — 2%, «Партыя росту» — 1,8%, «Парнас» — 1,2%, «Зялёныя» — 0,8%, «Грамадзянская плятформа» — 0,3%, «Грамадзянская сіла» — 0,2%.

Кіраўнік ЦВК Эла Памфілава адзначыла, што пакуль гэта дадзеныя "з усходу". "У нас вельмі адрозьніваюцца вынікі галасаваньня з усходу на захад", — сказала яна, адзначыўшы, што "карціна можа мяняцца кардынальным чынам".

Яна таксама заявіла, што фактаў, якія дазваляюць гаварыць аб нелігітымнасьці выбараў у Расеі, няма, але і «стэрыльнымі яны таксама не былі».

Тым часам, рух "Голас" паведаміў, што са скаргамі на парушэньні падчас выбараў да іх зьвярнуліся амаль 1500 чалавек. Большасьць паведамленьняў завязана з укідам бюлетэняў, парушэньнямі правоў назіральнікаў і чальцоў участковых выбарчых камісій.

Кіруючая «Адзіная Расея», як чакаецца, умацуе дамінуючыя пазыцыі ў ніжняй палаце парлямэнта ў выніку нядзельных выбараў, паказаўшы па-ранейшаму высокі ўзровень падтрымкі Уладзіміра Пуціна, нягледзячы на санкцыі і запаволеньне эканомікі. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Нядзельная галасаваньне разглядаецца як рэпэтыцыя перавыбраньня Пуціна на пасаду прэзыдэнта ў 2018 годзе. Сам Пуцін казаў, што пакуль занадта рана разважаць пра магчымасьць яго вылучэньня на чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін.