АБСЭ: у Данбасе застаецца неадведзенае цяжкае ўзбраеньне

Фрагмэнт мапы зоны баявых дзеяньняў на Данбасе паводле стану на 16 верасьня 2016 году

Данбасе ў зоне канфлікту ўсё яшчэ застаецца шмат неадведзенага цяжкага ўзбраеньня, заявіў намесьнік кіраўніка назіральнай місіі АБСЭ Аляксандар Хуг.

Маюцца на ўвазе артылерыйскія устаноўкі, мінамёты і рэактыўныя сыстэмы залпавага агню, якія павінны быць адведзеныя згодна зь Менскімі дамоўленасьцямі. Паводле Хуга, неабходна павялічыць адлегласьць паміж пазыцыямі ўкраінскіх вайскоўцаў і сэпаратыстаў. Чарговы рэжым спыненьня агню ў Данбасе ўступіў у сілу 1 верасьня, аднак бакі канфлікту неаднаразова абвінавачвалі адзін аднаго ў яго парушэньні.

Канфлікт у Данбасе пачаўся вясной 2014 года пасьля расейскай анэксіі Крыму. Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль адрынае гэтыя абвінавачваньні. Па дадзеных ААН, з пачатку канфлікту ў Данбасе загінулі больш за 9600 чалавек.