«Вянок» з выцінанак: выстава да юбілею Максіма Багдановіча

Паэзія Максіма Багдановіча знайшла сваё ўвасабленьне ў выцінанцы. Да 125-годзьдзя з дня нараджэньня паэта-рамантыка пачала працаваць выстава сучаснай беларускай выцінанкі «Вянок» у Музэі гісторыі кіно — сумесны праект майстрых-прафэсіяналак Веры Янушэўскай, Вольгі Бабурынай ды Натальлі Сухой.

Яўген Сахута ўручыў граматы Вользе Бабурынай і Натальлі Сухой

Гурт «Горынь» сьпявае жніўныя песьні

На выставе прадстаўлена каля 60 працаў, зробленых у розныя гады. Ёсьць сярод іх карціны-выцінанкі, натхнёныя вершамі клясыка беларускай літаратуры і створаныя непасрэдна для праекту «Вянок».

Ініцыятарка выставы Вера Янушэўская кажа, што «кожны чалавек — мастак, гэта лёгка адчуць, трэба толькі захацець паспрабаваць». Яе натхняюць расьліны, якія ня маюць аднастайнасьці і ўтрымліваюць у сабе цэлы сьвет. Спадарыня Вера ніколі ня робіць эскізаў, не плянуе тэмаў і сэрыяў, бо ідэі прыходзяць у працэсе.

«Каханы і каханая», «Залатыя птушкі», «Рыбы», «Русалкі», «Дочкі-мацеры», «Чырвоны лябірынт», «Неіснуючыя расьліны» — усё гэта назвы работ трох майстрых. Іхні супольны праект можна пабачыць да 2 кастрычніка.

Наведнікі выставы змогуць таксама авалодаць асновамі мастацтва выцінанкі, патанцаваць на вечарыне ў народным стылі ды паглядзець цікавыя фільмы. Таму варта сачыць за абвесткамі пра мерапрыемствы ў суполцы выставы ў Facebook.

Ахвотныя маглі выразаць свае кветачкі ці сьняжынкі для адмысловага вянка з выцінанак

Марына Яўсейчык для Радыё Свабода, фота аўтара