Суд Фрунзенскага раёну Менску яшчэ 15 жніўня вынес прысуд адносна мужчыны 19 год і дзяўчыны 17 год, якія займаліся сэксам на вуліцы Скрыпнікава, што ў менскім раёне Сухарава, паведаміла Tut.by прэс-сакратар менскага гарадзкога суду Анастасія Шыльвян.
Дзеяньні пары былі кваліфікаваныя як «хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў», абое атрымалі па 1 году пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на год, а таксама па 100 гадзін грамадзкіх працаў. Суд забараніў ім наведваць пэўныя месцы пасьля пэўнага часу (месцы і час не называюцца).
Фота пары, якая займалася сэксам на вуліцы, стала распаўсюджвацца ў сеціве ў ліпені. Спачатку міліцыя спаслалася на праверку, якую правяло УУС Фрунзенскага раёну — маўляў, здымак быў зроблены ня ў Фрунзенскім раёне, а проста ўзяты з інтэрнэту. Але ў канцы жніўня міліцыя затрымала мужчыну — выявілася, што інцыдэнт усё ж быў.
Пра затрыманьне тады расказаў на канале «Беларусь-1» супрацоўнік МУС. Паводле ягоных словаў, мужчына — «сябра незарэгістраванага непалітызаванага аб’яднаньня футбольных фанатаў аднаго зь менскіх клюбаў», а пара «зьдзейсьніла полавы акт у двары жылога дома, выказваючы відавочную непавагу да грамадзтва».