Польскія сьледчыя: у справе аб крушэньні Ту-154 ёсьць новыя доказы

Партрэт прэзыдэнта Леха Качыньскага, які загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам у 2010 годзе

Польская камісія, якая расьсьледуе катастрофу прэзыдэнцкага самалёта Ту-154 пад Смаленскам у 2010 годзе, атрымала запісы перамоваў расейскіх дыспэтчараў. На думку сьледчых, дыспэтчары ўвялі экіпаж лайнэра ў зман. Пра гэта паведаміў у нядзелю кіраўнік камісіі Вацлаў Берчыньскі.

Па словах Берчыньскага, у распараджэньні камісіі аказаліся аўдыёзапісы перамоваў у вежы кантролю палётаў у аэрапорце Смаленску. Зь іх вынікае, што дыспэтчары далі пілётам няслушную інфармацыю пра адлегласьць да пачатку узьлётна-пасадачнай паласы. Сьледчыя лічаць, што гэта магло стаць прычынай крушэньня лайнэра. 15 верасьня камісія правядзе прэс-канфэрэнцыю, дзе прадставіць падрабязнасьці расьсьледаваньня.

10 красавіка 2010 году ў выніку катастрофы польскага самалёта Ту-154 пад Смаленскам загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі. Расьсьледаваньне трагедыі працягваецца да гэтага часу. Польская сьледчая камісія назвала крушэньне лайнэра тэрактам. Паводле вэрсіі расейскага боку, прычынай крушэньня стала памылка пілёта.