Макей спадзяецца на пагадненьне паміж Беларусьсю і ЭЗ

  • БелаПАН

3 верасьня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей узяў удзел у нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін — членаў Эўрапейскага саюзу і краін — удзельніц ініцыятывы ЭЗ «Усходняе партнэрства» (УП), якая адбылася ў Браціславе (Славаччына).

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, у ходзе дыскусіі Макей выклаў падыходы краіны да далейшага разьвіцьця Ўсходняга партнэрства і адносін краіны з Эўразьвязам.

У прыватнасьці, міністар выказаўся за выкарыстаньне Ўсходняга партнэрства ў якасьці рамачнага інструмэнта разьвіцьця ўзаемадзеяньня краін — партнэраў з Эўрасаюзам з улікам іх нацыянальных прыярытэтаў і ў мэтах умацаваньня бясьпекі, стабільнасьці і працьвітаньня ў рэгіёне, паведамляе МЗС.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства таксама выказаў надзею на далейшае пашырэньне канструктыўнага дыялёгу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі з Эўразьвязам, уключаючы пачатак перамоваў па базавым пагадненьні паміж Беларусьсю і ЭЗ.