Былы прэзыдэнт Бразыліі Дзілма Русэф падала апэляцыю на вынесены ёй імпічмэнт

Былы прэзыдэнт Бразыліі Дзілма Русэф падала ў Вярхоўны суд апэляцыю на рашэньне сэнату, які ў сераду адхіліў яе з пасады прэзыдэнта Бразыліі.

У апэляцыі адвакат Русэф папрасіў правесьці новы разгляд абвінавачваньняў яго падабароннай у махінацыях зь бюджэтам краіны, а на гэты час прызначыць Мішэля Тэмера, які днём раней ужо афіцыйна ўзначаліў краіну, выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта.

Экспэрты адзначаюць, што шанцы Русэф выйграць апэляцыю вельмі невялікія.

У сераду ўвечары сэнатары прызналі Дзілму Русэф вінаватай у парушэньні бюджэтнага заканадаўства — у прыватнасьці, ва ўтойваньні праўдзівага памеру дэфіцыту бюджэту краіны падчас яе выбарчай кампаніі ў 2014 годзе — і адправілі яе ў адстаўку.