«У нас усё будзе на беларускай мове», — магілёўская чыгунка

Магілёўскі вакзал

У магілёўскіх цягніках рэгіянальных ліній эканом-клясы абвесткі пачалі перадаваць на беларускай мове. Цяпер у дызэлях вітаюць, разьвітваюцца і абвяшчаюць прыпынкі толькі па-беларуску. Супрацоўнікі чыгункі кажуць, што кіраўніцтва выдала адпаведны ўказ. Пасажырам падабаецца.

У Магілёўскім аддзяленьні Беларускай чыгункі давялі: існуе «ўказ начальніка дарогі, каб абвесткі агучвалі на беларускай мове».

«Цяпер мы паволі пераходзім на беларускую мову. Пакуль ня ўсе аддзяленьні чыгункі перапісалі лякаматыўную інфармацыю на беларускую мову, таму ў розных месцах абвесткі перадаюць яшчэ на расейскай. Пасажыры раяць прыйсьці да нейкай адной мовы. Згодна з указам у цягніках мусіць гучаць беларуская мова. Зваротаў з пратэстамі супраць беларусізацыі не паступала», — зазначыў супрацоўнік пасажырскага аддзелу Магілёўскага аддзяленьня чыгункі.

Your browser doesn’t support HTML5

Абвестка па-беларуску ў дызелі

На чыгуначным вакзале Магілёва абвесткі дублююць па-беларуску і па-расейску. Іншую інфармацыю для пасажыраў агучваюць на расейскай мове. На таблё расклад руху цягнікоў расейскамоўны, толькі назвы разьдзелаў пададзеныя па-беларуску. Таксама па-беларуску — некаторыя абвесткі, напрыклад, пра дазволеныя месцы курэньня.

Таблё зь беларускай і расейскай мовамі

«Так, мы разумеем, што існуюць неадпаведнасьці, але розныя групы з дакумэнтамі разьбіраюцца. Паволі будзем ісьці да адной мовы — беларускай. Адпаведная праца вядзецца. Будзе ў нас усё на беларускай мове», — запэўніў супрацоўнік пасажырскага аддзелу.

Уваход у пачакальню з надпісам «Магілёў» па-беларуску