Вугоршчына плянуе зрабіць загароду на мяжы ўдвая мацнейшай

На мяжы Сэрбіі і Вугоршчыны

Вугоршчына абвясьціла аб плянах пабудаваць другую загароду на мяжы з Сэрбіяй для абароны ад мігрантаў.

Вугорскі прэм’ер-міністар Віктар Орбан заявіў у пятніцу, што другі плот павінен абараніць краіну ад наплыву мігрантаў, калі Турцыя зьменіць сваю міграцыйную палітыку. Новая ахоўная сыстэма будзе пабудавана ўздоўж загароды, якая ўжо існуе.

Вугоршчына пабудавала першы плот ў 2015 годзе, пасьля чаго паток мігрантаў, якія перамяшчаліся па «балканскім маршруце» ў краіны Эўразьвязу, скараціўся. На сэрбска-вугорскай мяжы ўсё яшчэ застаюцца сотні выхадцаў з краін Блізкага Ўсходу, якія шукаюць прытулак у Эўразьвязе.