Паўла Вінаградава аштрафавалі на 40 базавых

Павал Вінаградаў

Суд Першамайскага раёну сталіцы аштрафаваў грамадзкага актывіста Паўла Вінаградава за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі «Дзякуй за нагляд», што адбылася ў Менску 26 чэрвеня, на 40 базавых велічыняў — 840 рублёў.

«Гэта быў другі па хуткасьці суд у маім жыцьці. Мне спадабалася. Хутчэй мяне судзілі толькі за акцыю прадпрымальнікаў. Як я зразумеў, рашэньне было гатовае, судзьдзя яго толькі зачытаў.

Пратакол па артыкуле 23.5 КаАП „абраза службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў“ адправілі на дапрацоўку. Але як толькі я вярнуўся дадому, мне патэлефанавалі з Маскоўскага РУУС і папрасілі прыйсьці для складаньня пратаколу па артыкуле 17.1 — „хуліганства“. То бок яны адмовіліся ад пратаколу за абразу і вырашылі мяне абвінаваціць у хуліганстве. Сёньня я прыйсьці адмовіўся, паабяцаў завітаць у міліцыю заўтра».

Падчас вулічнай акцыі 26 чэрвеня ўдзельнікі моладзевай ініцыятывы «Zмена» вывесілі на мосьце гірлянду зь бел-чырвона-белых сьцягоў, а на прыпынках грамадзкага транспарту — сьцягі і плякаты з выявай Паўла Вінаградава, які паказвае сярэдні палец. На плякаце быў надпіс «Дзякуй за нагляд» (за некалькі тыдняў да гэтага паводле рашэньня суду над актывістам усталявалі прэвэнтыўны нагляд на паўгода).