Колькасьць ахвяраў землятрусу ў Італіі перавысіла 240 чалавек

Пескара-дэль-Тронта, Італія, 24 жніўня 2016 году

Колькасьць загінулых падчас землятрусу ў Італіі — ужо больш за 240 чалавек, улады паведамляюць таксама пра 368 параненых. Працягваюцца пошукі людзей, якія застаюцца пад заваламі.

Пра гэта паведамляе BBC са спасылкай на дэпартамэнт грамадзянскай абароны Італіі.

Землятрус магнітудай 6,2 адбыўся ў цэнтральнай частцы Італіі, на паўднёвы ўсход ад горада Пэруджа, уначы 24 жніўня.

Больш за ўсё пацярпелі вобласьці Умбрыя, Марка і Лацыё. Падземныя штуршкі адчуваліся і ў Рыме. Эпіцэнтар штуршкоў знаходзіўся ў Умбрыі, на глыбіні чатырох кілямэтраў пад зямлёй. У 2009 годзе ў выніку землятрусу ў італьянскім горадзе Л’Акуіла загінулі больш за 300 чалавек. Цэнтральныя раёны Італіі — найбольш сэйсманебясьпечная зона ў краіне.

Наступствы землятрусу ў італьянскім горадзе Аматрычэ