Парашэнка паабяцаў найбліжэйшым часам прызначыць пасла Ўкраіны ў Беларусі

Пятро Парашэнка і Анджэй Дуда

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што пасол Украіны ў Беларусі будзе прызначаны найбліжэйшым часам.

«Хачу паведаміць — ужо бліжэйшым часам будуць падпісаныя ўказы пра амбасадараў у Славаччыне, Румыніі, Чэхіі і таксама ў Беларусі і Казахстане», — сказаў Пятро Парашэнка сёньня ў часе сустрэчы з дыпляматычным корпусам Украіны пры ўдзеле польскага прэзыдэнта Анджэя Дуды.

Разам з тым, украінскі прэзыдэнт ня стаў удакладняць магчымыя прозьвішчы дыпляматаў. Паводле яго, да кадравага фармаваньня дыпляматычнага корпусу мае быць «дакладны філігранны падыход».

«Маю вельмі высокія патрабаваньні, як прафэсійныя, гэтак і асабістыя. Як і ў арміі, гэтак і на дыпляматычнай перадавой няма месца людзям, а тым больш камандзірам, якія ня вераць у тое, што абараняюць, для якіх патрыятызм — гэта проста лёзунг, а не шчырае перакананьне, а пасада амбасадара — узнагарода, а не задача для працы. Падкрэсьліваю, што на маім стале ляжаць дзесяткі кандыдатаў на пасаду паслоў, дасье на якіх мы вельмі ўважліва вывучаем», — заявіў Пятро Парашэнка.

Да траўня 2015 года амбасаду Ўкраіны ў Беларусі ўзначальваў экс-міністар абароны Ўкраіны Міхаіл Ежаль, прызначаны на гэтую пасаду ў красавіку 2013 году тагачасным прэзыдэнтам Віктарам Януковічам.

Пятро Парашэнка падпісаў указ пра адстаўку Міхаіла Ежаля з пасады Надзвычайнага і Паўнаважанага пасла Ўкраіны ў Беларусі 11 траўня 2015 года — праз год пасьля Рэвалюцыі годнасьці і зьмены ўлады ва Ўкраіне.

У сакавіку 2016 года ваенная пракуратура Ўкраіны высунула Міхаілу Ежалю абвінавачаньне ў неналежным выкананьні службовых абавязкаў пры ўзгадненьні ў 2011 годзе пераліку вайсковай маёмасьці Узброеных сіл Украіны, якая падлягала адчужэньню. Зараз праваахоўныя органы Ўкраіны абвясьцілі яго ў міжнародны вышук, а 22 жніўня 2016 года Пячэрскі раённы суд Кіева дазволіў Генэральнай пракуратуры Ўкраіны праводзіць завочнае дасудовае расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць Міхаіла Ежаля.