У Менску кандыдата ў дэпутаты аштрафавалі на 945 рублёў

Пікет каля МУС 28 ліпеня. Вольга Маёрава, Зьміцер Кавалгін, Марына Хоміч

Маскоўскі суд Менску разгледзеў адміністрацыйныя справы супраць сяброў Абʼяднанай грамадзянскай партыі — Вольгі Маёравай, якая зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты, а таксама Дзьмітрыя Кавалгіна, даверанай асобы кандыдата, і Ганны Красулінай.

Вольгу Маёраву суд пакараў штрафам ў 45 базавых (945 рублёў), Дзьмітрыя Кавалгіна штрафам у 30 базавых (630 рублёў), а Ганну Красуліну штрафам у 20 базавых (420 рублёў).

Сяброў АГП абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. 28 ліпеня яны праводзілі пікет па зборы подпісаў каля будынку Міністэрства ўнутраных спраў. Пікетчыкі трымалі ў руках плякаты з фатаздымкам Ульяны Захаранкі і надпісам: «Мама памятае, а ты?». Так актывісты хацелі нагадаць, што справа аб выкраданьні былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, аднаго з апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі, так і не была даведзеная да суду. Ганна Красуліна патлумачыла карэспандэнту Свабоды:

«Яны дакопваюцца, што мы трымалі ў руках партрэт маці зьніклага міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Насамрэч гэта быў пікет па зборы подпісаў за вылучэньне нашага кандыдата. А такі пікет ня трэба ўзгадняць, то бок мы дзейнічалі ў рамках закону».