Як прэса перамагла ГКЧП

Прэс-канфэрэнцыя членаў ГКЧП 19 жніўня 1991 году.

Жнівень 1991-га: чаму путчыстам не ўдалося падпарадкаваць сабе СМІ і ўсталяваць інфармацыйную блякаду.

Гады гарбачоўскай перабудовы былі «залатым стагодзьдзем» савецкіх СМІ: такой папулярнасьці і такіх рэкордных накладаў тэлепраграмы, газэты і часопісы ня ведалі ні да, ні пасьля мяжы 80-х і 90-х. Ня дзіўна, што ў дні жнівеньскага путчу 1991 году расейскія СМІ адыгралі значную ролю ў тым, што краіна і сьвет заставаліся ў курсе драматычных падзей, якія адбываліся ў Маскве, а ініцыятарам перавароту не ўдалося ўсталяваць інфармацыйную блякаду, хоць яны да гэтага актыўна імкнуліся. Радыё Свабода публікуе дасьледаваньне Натальлі Растовай, прысьвечанае таму, з чым сутыкнуліся і як паводзілі сябе журналісты ў тры вырашальныя жнівеньскія дні. Гэта частка праекту «Нараджэньне расейскіх СМІ. Эпоха Гарбачова (1985-1991)». Публікуецца зь невялікімі скарачэньнямі.

Пачатак путчу

У ноч з 18 на 19 жніўня кіраўніку Дзяржтэлерадыё Леаніду Краўчанку патэлефанаваў сакратар ЦК КПСС Юры Манаенка. Як распавядаў у інтэрвію Slon Краўчанка, яму было сказана, што за ім выехала машына, якая давязе яго да ЦК. Для кіраўніка тэлебачаньня гэта азначала, што прыедзе машына КДБ: са студзеня ўсе яго перамяшчэньні кантраляваліся прыстаўленымі да яго афіцэрамі. Тады неабходнасьць у гэтым Краўчанку тлумачылі пагрозай замаху на яго. «Пачынаючы са студзеня 91 году, было прынятае прынцыповае рашэньне, на прапанову Кручкова і са згоды Гарбачова, — прыставіць да мяне кругласутачную ахову, — распавядае ён. — Чатыры чалавекі ахоўвалі, адзін пастаянна быў у падʼезьдзе, я нават ня мог вынесьці сьмецьце ў сьмецьцеправод без суправаджэньня ахоўніка. Падымаўся чалавек, і ўжо тады я выходзіў. Сказалі, што ёсьць дакладныя зьвесткі аб арганізацыі на мяне замаху».

Пасьля ўвядзеньня надзвычайнага становішча тэлебачаньне і радыё павінны працаваць у такім рэжыме, як яны працавалі ў дні пахаваньня вядомых дзеячаў КПСС і дзяржавы.

У 1.30 ужо з кабінэту Манаенкава Краўчанка падняў з ложку званком першага намесьніка генэральнага дырэктара ТАСС Генадзя Шышкіна, загадаўшы падʼехаць у ЦК. (Кіраўнік ТАСС Леў Сьпірыдонаў знаходзіўся ў гэты час у адпачынку і на працы зьявіўся толькі да 5-й вечара таго ж дня.) У выніку менавіта ТАСС стаў галоўным інструмэнтам, пры дапамозе якога путчысты распаўсюджвалі свае заявы. Кантроль за СМІ ў тыя дні ажыцьцяўляў сакратар ЦК Аляксандр Дзасохаў. Як адразу пасьля путчу Шышкін казаў «Коммерсанту», на працягу трох дзён той шматкроць «аказваў ціск, патрабуючы перадаваць па каналах ТАСС больш інфармацыі ў падтрымку путчу».

Як вынікае з паказаньняў Краўчанкі, дадзеных ім па справе ГКЧП, Манаенка «даў зразумець, што пасьля ўвядзеньня надзвычайнага становішча тэлебачаньне і радыё павінны працаваць у такім рэжыме, як яны працавалі ў дні пахаваньня вядомых дзеячаў КПСС і дзяржавы». Краўчанку было загадана прыгатаваць тэлебачаньне да ўвядзеньня надзвычайнага становішча. Пазьней у інтэрвію Slon Краўчанка сказаў, што такая праграмная сетка, калі граў сымфанічны аркестар Федасеева і гучала клясычная музыка, бывала шмат разоў у гісторыі, часта — калі хавалі генсекаў.

Леанід Краўчанка


Кіраўніку праграмы «Час» Ольвару Какучая, як ён распавядаў дасьледніку СМІ Элен Міцкевіч, Краўчанка патэлефанаваў у 1.30 ночы і загадаў неадкладна прыйсьці на працу. Як вынікае з паказаньняў Краўчанкі па справе, з тым жа ён патэлефанаваў яшчэ двум важным тэлевізійным работнікам — Дзьмітрыю Бірукову і Віктару Асколкаву. А 5-й раніцы ад Алега Шэніна Краўчанка атрымаў дакумэнты ГКЧП — заявы, указы, звароты, якія трэба было агучыць на тэлебачаньні. Какучая казаў, што ўказаньні Янаева аб надзвычайным становішчы былі напісаныя ад рукі, як і некалькі старонак, напісаных Анатолем Лукʼянавым...

Пасьля гэтага Краўчанка адправіў дакумэнты ў «Астанкіна», якое ўжо з 3.55 раніцы пачаў акружаць транспарт з узброенымі людзьмі, а сам паехаў у будынак на Пятніцкай. Праз паўгадзіны падʼезды да «Астанкіна» пачалі перакрываць танкі. Краўчанка казаў у многіх інтэрвію, што пазьней не адразу змог зайсьці ў будынак — не пускалі салдаты. Яны лічылі, што выстаўленыя на 15 сутак, у рэальнасьці жа былі зьнятыя з пастоў у ноч на 21 жніўня...

У 6 раніцы заявы ГКЧП зьявіліся на стужцы ТАСС, а па тэлебачаньні ўказ віцэ-прэзыдэнта СССР Генадзя Янаева аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў краіне і ўтварэньні ГКЧП прачыталі дыктары Іна Ермалаева і Яўген Качаргін. З гэтага ж часу паведамленьні перадаюцца і па радыё. Дакумэнты камітэту зачытваюцца з інтэрваламі ў адну гадзіну, а ў 8 раніцы выходзіць першы паўнавартасны выпуск тэленавінаў, у якім яны гучаць адзін за адным...

ЗАБАРОНА ГАЗЭТ

Путч быў арганізаваны ў панядзелак, калі газэты традыцыйна не выходзяць. Але ў аўторак яны не выходзяць ужо ў сувязі з пастановай ГКЧП № 2 «Аб выпуску цэнтральных, маскоўскіх гарадзкіх і абласных газэт». Гэтым дакумэнтам быў «часова абмежаваны выхад пэўнай колькасьці цэнтральных, маскоўскіх гарадзкіх і абласных грамадзка-палітычных выданьняў». Выходзіць дазволена наступным выданьням: «Труд», «Рабочая трибуна», «Известия», «Правда», «Красная звезда», «Советская Россия», «Московская правда», «Ленинское знамя», «Сельская жизнь».

Прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын выступае ля будынку Белага дому, 19 жніўня 1991 году


«20 жніўня ў 11 раніцы галоўныя рэдактары 11 газэт дэмакратычнага кшталту, якія ня выйшлі ў гэты дзень у сьвет — «Аргументы и факты», «Московский комсомолец», «Комсомольская правда», «Коммерсантъ», «Куранты», «Мегаполис-экспресс», «Независимая газета», «Российская газета», «Российские вести» і «Столица» сабраліся ў кабінэце Ягора Якаўлева ў «Московских новостях» і вырашылі выдаць «Общую газету». — запісвае ў дзёньніку журналістка «Московских новостей» Яўгенія Альбац. — Ужо дамовіліся з друкарняй у Таліне. Факсамі дасылаем інфармацыю ў Парыж, Нью-Ёрк, Бэрлін, Рым...»

Ягор Якаўлеў


У гэты ж дзень газэту зарэгістравала Міністэрства друку РСФСР, і яна выйшла ў сьвет 21 жніўня. Нумар вярстаўся ў «Коммерсанте», які ўзначальваў сын Ягора Якаўлева Ўладзімер. Праз гады шэф-рэдактар выдавецкага дому «Коммерсант» Андрэй Васільеў скажа, што быў «ценявым» галоўным рэдактарам «Общей газэты».

Акрамя працы над «Общей» калектывы зачыненых газэт раздрукоўваюць на ксэраксах і свае выпускі і раздаюць іх у Маскве з рук.

Забарона на выпуск газэт будзе доўжыцца да шостай гадзіны вечара 21 жніўня і будзе зьнятая адначасова з уключэньнем сродкаў сувязі на лецішчы Міхаіла Гарбачова ў Фаросе.

«ЛЕБЯДЗІНАЕ ВОЗЕРА»

Балет «Лебядзінае возера», які стаў адным зь сымбаляў жнівеньскага путчу, традыцыйна служыў музычным фонам пры пахаваньні ўсіх апошніх генэральных сакратароў — і Леаніда Брэжнева, і Юрыя Андропава, і Канстанціна Чарненкі. У гэты дзень, як неаднаразова казаў Леанід Краўчанка, балет стаяў, прычым двойчы, раніцай і ўвечары, у тэлевізійнай праграме, якая ў тыя часы была складзеная на тыдні наперад. На пытаньне аб «Лебядзіным возеры» ён адказваў «раз дзьвесьце або трыста». «Ну вазьміце газэты, часопісы жніўня 91 году! Я яшчэ 5 жніўня зацьвердзіў праграму на тыдзень з 19 па 26 жніўня (гэта заўсёды загадзя рабілася, робіцца і цяпер). Адкрыйце газэту і ўбачыце, што і раніцай, і ўвечары было „Лебядзінае возера“, а таксама прэмʼера мастацкага фільму „Тры дні і тры ночы“, і ён таксама быў паказаны. Назва была за два гады прыдумана, хто ведаў, што путч будзе тры дні і тры ночы? Гэта надзвычайны парадокс!»


Краўчанка кажа, што разумеў: ён пазбавіцца крэсла ў любым выпадку, хто б ні прыйшоў да ўлады, а таму вырашыў абараніць сябе хоць бы тым, што паставіць у эфір ужо зацьверджаную праграму...

Цалкам першую частку дасьледаваньня чытайце ТУТ.