77 вуліц пад забаронай

Сяргей Астраўцоў

У саюзьніцкім нам Іране спадарожнікавымі антэнамі займаецца камандзір апалчэньня генэрал Махамад Рэза Нагдзі. У яго размова кароткая. Правёў спэцапэрацыю, далажыў: зьнішчаныя сто тысяч «талерак»!

У Махамада свая праўда, генэральская: спадарожнікавае тэлебачаньне шкодзіць маралі і культуры! Вынік жахлівы, лямантуе галоўны апалчэнец: разводы, дрэнныя звычкі, сацыяльная нестабільнасьць!

У Горадні, мабыць, начальства завочна пляскае іранскаму генэралу «маральных нораваў». Днямі стала правамоцнай забарона на 77 вуліцах гораду талерак. І кандыцыянэраў. А іх чаму? Напэўна, яны таксама разлагаюць мараль, у нашым разе сінявокай рэспублікі. Паглядзеў па талерцы і разлажыўся, хоць Нагдзі выклікай. Але вырашылі сваімі сіламі напачатку. І «разлажэньня нораваў» рахманых беларусаў пакуль не прыплятаюць тым, хто мае антэну. Проста здыміце па-харошаму, патаму што некрасіва, што вісяць на сьценах, від порцяць. У нас жа па ціпу горад-музэй, а яны вісяць і перашкаджаюць начальству.

У нас жа ўсё лагодна, добраахвотна павінна быць, мяркуе начальства. Як у тым Іране, блізкім уладзе па духу: генэрал Нагдзі адрапартаваў — больш за мільён жыхароў самі здалі антэны! Пад страхам турмы, само сабой. У Іране спадарожнікавыя антэны пад забаронай. Вось і ў Горадні трапілі пад яе, дачакаліся.

Праўда, у суровай мусульманскай краіне міністар культуры ня лічыць талеркі шкоднымі. Ён заклікаў скасаваць артыкул, згодна якому карыстаньне спадарожнікавай антэнай зьяўляецца злачынствам. І падкрэсьліў: недапушчальна, калі злачынцамі абвяшчаюць семдзесят адсоткаў грамадзян. Імя міністра гучыць, на мой погляд, мягчэй за генэральскае. Мяркуйце самі: Алі Джанаці.

Ня ведаю, ці ёсьць у нас міністар культуры, а калі ёсьць — чаму ён не бярэ прыклад з іранскага? Чаму не абараняе канстытуцыйнае права беларуса на атрыманьне інфармацыі? І на валоданьне маёмасьцю ў выглядзе сатэлітарнай антэны, якая ў Рэспубліцы Беларусь ня ёсьць забароненай? Ці вы скажаце, што гэта не абавязак менавіта міністра культуры і што ў нас існуюць іншыя міністры, бліжэйшыя да тэлевізійных антэн? Няхай так, але чаму яны тады маўчаць?

Гэта адно. Другое: прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані неаднойчы заяўляў, што забарона на талеркі зьяўляецца «непатрэбнай і контрпрадуктыўнай». Чаму тады маўчыць наш прэзыдэнт? Быў жа непадалёк днямі, чаму не заехаў у Горадню, не паўшчуваў занадта імпэтных начальнікаў?

А таму, напэўна, што нашы канстытуцыйныя правы бываюць часам славэтнай «фількінай граматай». Чаму намі камандуе граданачальнік, якога мы не выбіраем, якога прысылаюць, як сьнег на галаву і каманды якога мы абавязаныя выконваць? У той час, калі мы для яго бязмоўны ананімны вулічны натоўп?

Чаму не адказвае за тое, што мэтадычна разбураюць мой любімы горад?! Ці можна з гэтай нагоды падаць у суд на начальства? Не? Бяз сэнсу? Канечне, сэнсу няма. Пагатоў вядомы адказ на рытарычнае пытаньне: ці ёсьць у Горадні гаспадар помнікаў архітэктуры, які за іх па сапраўднаму хварэе і адказвае? Гарадзкі начальнік за гэта ніяк не адказвае, ён адказвае за ямачны рамонт вуліц і за іншыя справы, толькі не за гістарычную забудову. Яна насамрэч нічыйная. Стаіць дом? Хай. Зьнікне — ніхто локці кусаць ня будзе.

Горадня месцамі можа зрабіць уражаньне мёртвага гораду

Мне кажуць: здыміце талерку, яна робіць сьцены непрыгожымі. А што робяць самі? У гістарычнай забудове выселеныя дзясяткі дамоў, іх абыякава пакінулі паміраць. На словах: мы вам зробім маленькі Парыж, у кожнай камяніцы кавярні, галерэі, майстэрні мастакоў, крамкі! На справе гэта толькі паветраныя замкі.

З пустых дамоў, якім па сто і больш гадоў, зрываюць дошкі ад міністэрства культуры, на якіх жалезнымі літарамі напісана, што «прычыненьне шкоды будынку караецца законам». Яны стаяць рассыпаюцца і па дзесяць, і па пятнаццаць гадоў. Некаторыя нарэшце нехта, нам невядома як, выкупляе. Бывае, каб зруйнаваць, ці ў лепшым разе пакінуць фасадную сьценку альбо яе частку. Толькі сёлета можна налічыць пяць такіх выпадкаў. І хапае прыкладаў, калі будынак выкупяць і нічога ня робяць.

Рассыпаецца нават камяніца, да якой прыбудаваны КДБ. Шыльда, якой дзяржава паабяцала ахоўваць стары будынак, даўно зьнікла

Не, я не спрачаюся, некаторым камяніцам усё ж шанцуе. Я радуюся ў душы кожнаму такому выпадку. Але я ведаю, што горад застаецца пад пагрозай. Яна не зьмяншаецца, толькі расьце. І небясьпека тоіцца зусім не ў кандыцыянэрах. І не ў спадарожнікавых антэнах.