Турэччына: звольняць яшчэ 2000 паліцыянтаў, Міністэрства сувязі зачыняць

Ілюстрацыйнае фота. Мітынг, арганізаваны Эрдаганам, на знак пратэсту супраць няўдалага вайсковага путчу. Прэзыдэнт Рэджэп Таіп Эрдаган з жонкай вітаюць удзельнікаў мітынгу. Стамбул, 7 жніўня 2016 году

Турэцкія ўлады апублікавалі два ўказы, паводле якіх сваіх пастоў пазбавяцца больш за дзьве тысячы паліцыянтаў і сотні прадстаўнікоў узброеных сілаў краіны.

Дзяржаўныя ўлады закрыюць Міністэрства сувязі і звольняць 196 супрацоўнікаў нагляднага органу СМІ — Упраўленьня інфармацыйных тэхналёгіяў і сувязі, якое цяпер атрымае паўнамоцтвы міністэрства. Указы апублікаваныя на сайце T.C. Resmi Gazete — афіцыйным турэцкім друкаваным органе, паведамляе ВВС.

Усіх звольненых падазраюць у падтрымцы рэлігійнага дзеяча Фэтхулаха Гюлена, які жыве ў ЗША, і якога турэцкія ўлады лічаць натхняльнікам бунту 15 ліпеня. Тады група вайскоўцаў заявіла, што бярэ кіраваньне краінай у свае рукі, каб забясьпечыць выкананьне канстытуцыйных правоў грамадзян. Да раніцы турэцкаму ўраду ўдалося цалкам аднавіць кантроль над сытуацыяй у краіне.

Падчас спробы дзяржаўнага перавароту загінулі больш за 190 чалавек, больш за 1400 былі параненыя. Пазьней былі звольненыя або адхіленыя ад працы больш 80 тысяч чалавек.