«Каса любіць брусок і сала кусок» — на Палесьсі спаборнічалі касцы

Your browser doesn’t support HTML5

У Бярозаўскім раёне на Берасьцейшчыне адбыўся нацыянальны чэмпіянат па ручным сенакашэньні. Мэта экалягічнага фэстывалю «Спораўскія сенакосы» — папулярызацыя аховы прыроды.

Фэст праводзіўся ўжо дзясяты раз, пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў, Эўразьвязу і ААН.

На адкрыцьці «Спораўскіх сенакосаў» міністар прыродных рэсурсаў Беларусі Андрэй Каўхута распавёў пра ўнікальнасьць заказьніка «Спораўскі», дзе месьціцца рэдкае ў маштабах Эўропы верхавое балота:

«Спораўскаму заказьніку ўжо 25 год. Дзясяты раз тут праводзяцца спаборніцтвы па сенакашэньні, і не дарэмна выбраная тэрыторыя заказьніка.

Спаборніцтвы «Спораўскія сенакосы» адбываліся дзясяты раз

Сенакосы — гэта магчымасьць ня толькі паказаць сваю сілу і ўменьне выкарыстоўваць старажытную беларускую прыладу працы — касу, але і магчымасьць палепшыць экалягічную сытуацыю. Быў пэрыяд, калі гэтыя балоты зарасталі кустоўем, не было дастатковай увагі да балотаў, што ўплывала і на біяразнастайнасьць, на існаваньне тут рэдкіх расьлінаў і птушак. Цяпер тут пражывае 30 працэнтаў усясьветнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі — птушкі, занесенай у Чырвоную кнігу».

Удзельнікі шыхтуюцца перад спаборніцтвамі

Міністар распавёў, што дзякуючы дапамозе эўрапэйскіх арганізацыяў і ПРААН у заказьнік «Спораўскі» была закупленая тэхніка для працаў на балоце, якая была прадстаўленая ў часе фэсту на выставе.

У спаборніцтвах па сенакашэньні бралі ўдзел ня толькі мужчыны, але і жанчыны і нават падлеткі. Удзельнікі мусілі касіць ручной касой на хуткасьць ды якасьць.

У чэмпіянаце па сенакашэньні ўдзельнічалі нават жанчыны

У часе фэсту адбыліся таксама спаборніцтвы па футболе на балоце. На сцэне выступалі самадзейныя калектывы, мясцовыя рамесьнікі прапаноўвалі сваю прадукцыю. Вельмі шмат людзей былі апранутыя ў беларускія нацыянальныя строі, вышыванкі. Вышываныя ручнікі можна было набыць у мясцовых майстрых.

Да канца пракосу спартоўцы з косамі даходзілі зьнясіленыя

Спадар у вышыванцы кляпае касу

Выстава вышыванак ад палескіх майстрых

На фэсьце было шмат людзей у нацыянальных строях

«Кировска партийна» — такую гарэлку прапаноўвалі на фэсьце

Бярозаўскае спажыўтаварыства на сваіх століках частавала алькаголем, шашлыкамі, ды іншай закускай

Спаборніцтвы па футболе на балоце