У Канах жанчынам забаранілі прыходзіць на пляжы ў мусульманскіх купальніках

Рашэньне прынятае на фоне нядаўніх нападаў у краіне, учыненых ісламістамі

Улады францускага гораду Каны забаранілі прыходзіць на пляжы ў буркіні — спэцыяльным купальным касьцюме для мусульманскіх жанчын, які цалкам закрывае цела, паведамляе ABC News.

Мэр Канаў Давід Ліснар заявіў, што адзеньне, якая падкрэсьлівае рэліійную прыналежнасьць, не адпавядае правілам прыстойнасьці і можа выклікаць парушэньні грамадзкага парадку. За парушэньне правіла ўведзены штраф.

Забарону ўвялі на фоне нядаўніх тэрактаў у францускіх гарадах, учыненых ісламістамі. У мэтах бясьпекі на канскія пляжы таксама нельга прыходзіць зь вялікімі торбамі, у якіх можна прынесьці выбуховае прыстасаваньне.

Раней францускія ўлады адмянілі мерапрыемства ў аквапарку гораду Ле-Пэн-Мірабо, на якім маглі прысутнічаць толькі мусульманкі ў купальных касьцюмах, якія адпавядаюць нормам шарыяту.

У Францыі ўжо існуе забарона на нашэньне ў грамадзкіх месцах галаўных убораў, якія хаваюць твары. На гэтым тыдні ў Нямеччыне абмяркоўвалася забарона на нашэньне паранджы. Пазьней міністар унутраных спраў Нямеччыны не падтрымаў гэтую ідэю.