Высяляць даўжнікоў у Расеі хочуць з дапамогай Нацгвардыі

Байцы расейскай Нацыянальнай гвардыі на вучэньнях у Валгаградзкай вобласьці 28 ліпеня.

Міністэрства ўнутраных справаў Расеі прапанавала дазволіць судовым прыставам прыцягваць байцоў Нацыянальнай гвардыі для высяленьня даўжнікоў з памяшканьняў і прыпыненьня дзейнасьці юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Праект адпаведных паправак у закон аб выканаўчай вытворчасьці разьмешчаны на афіцыйным партале нарматыўных актаў.

Аб стварэньні Нацыянальнай гвардыі (Росгвардия) прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў 5 красавіка.

Згодна з законам, Нацыянальная гвардыя зоймецца барацьбой з тэрарызмам, аховай спэцыяльных дзяржаўных аб’ектаў і іншымі задачамі. Ёй таксама пяройдуць паўнамоцтвы ўнутраных войскаў МУС: спыненьне масавых беспарадкаў у населеных пунктах і ў папраўчых установах. Байцы Нацыянальнай гвардыі атрымаюць права правяраць аўтамабілі, пранікаць ў жытло, прымяняць фізычную сілу і агнястрэльную зброя пры пагрозе ім самім або грамадзянам.

Кіраўніком Нацыянальнай гвардыі прызначаны галоўнакамандуючы ўнутранымі войскамі Віктар Золатаў, які раней быў начальнікам службы бясьпекі Пуціна. Новае фармаваньне будзе наўпрост падпарадкоўвацца прэзыдэнту.