Ужо сёньня, 5 жніўня: 510 гадоў Клецкай бітве, адкрыцьцё ХХХІ Алімпіяды ў Рыё

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларус, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

Рыё-дэ-Жанэйра, Бразілія. Адкрыцьцё ХХХІ летніх Алімпійскіх гульняў.

У Менску (і іншых гарадах, па 7 жніўня) Рух «За Свабоду» праводзіць летнюю Школу «Выбарчыя сыстэмы і дэмакратыя». Удзельнікі знаёмяцца з мэханізмамі правядзеньня выбарчых кампаній, рознымі выбарчымі сыстэмамі і паліттэхналёгіямі.

У Менску пройдзе Беларуска-кітайскі форум у справе камэрцыялізацыі вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасьці. Месца правядзеньня — гатэль «Пэкін» (вул. Чырвонаармейская, 36)

Гурт Re1ikt выступіць разам з фіналістамі конкурсу «Засьпявай 3.0» Месца правядзеньня — Менск, падворак на пл. Волі. Пачатак а 19.00

Упершыню ў Нацыянальным мастацкім музэі адбудзецца арт-вечарынка, падчас якой любы ахвотны можа адчуць сябе ў ролі мастака. Пачатак а 19.00 Уваход па квітках.

У Горадні ў дзень адкрыцьця Гульняў у Рыё-дэ-Жанэйра для спартоўцаў-аматараў праводзіцца рэгіянальная міні-Алімпіяда. Месца правядзеньня — ЦСК «Нёман» (вул. Камунальная, 3)

У гісторыі:

1461 — нарадзіўся Аляксандар Ягайлавіч, вялікі князь літоўскі і кароль польскі.

1506 — адбылася бітва пад Клецкам, у якой Міхал Глінскі на чале войска ВКЛ ушчэнт разьбіў войска крымскага хана.

1772 — адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. Тую фэдэратыўную краіну, у якую ўваходзілі галоўным чынам беларускія і польскія землі, падзялілі паміж сабой тры імпэрыі — Аўстрыя, Прусія і Расея.

1947 — нарадзіўся Віталь Скалабан, беларускі гісторык.

У памяці:

1863 — у двары Менскае турмы быў расстраляны Янка Жмачынскі. Гэта да ягоных ног кінула кветкі праз закратаванае вакно камэры Каміла Дунін-Марцінкевіч, арыштаваная за ўдзел у паўстаньні дачка знакамітага беларускага драматурга.

1864 — у Варшаве, у цытадэлі, быў павешаны камандзір Кобрынскага паўстанцкага атраду, адзін з кіраўнікоў паўстаньня Рамуальд Траўгут. Сёньня ў мястэчку Сьвіслач на Гарадзеншчыне, дзе ён вучыўся ў гімназіі, яму пастаўлены помнік.

1895 — памёр Фрыдрых Энгельс, нямецкі філёзаф і эканаміст.

1908 — памёр Валеры Ўрублеўскі, дзяяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху, удзельнік паўстаньня 1863-1864 гг. і Парыскай камуны 1871 г.

1962 — памерла Мэрылін Манро, амэрыканская кіназорка.

Цытата:

«Ня будзем занадта цешыць сябе нашымі перамогамі над прыродай. За кожную такую перамогу яна помсьціць нам».

Фрыдрых Энгельс