Прэзыдэнт Армэніі паабяцаў сфармаваць «уладу нацыянальнай згоды»

Прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсян паабяцаў, што ўдзельнікам узброенай групы «Ўстаноўчы парлямэнт», якія здаліся ўладам, ня будуць помсьціць. Кіраўнік дзяржавы прызнаў неабходнасьць «радыкальных зьменаў» у жыцьці краіны, а таксама паабяцаў сфармаваць уладу нацыянальнай згоды.

«Непрымальная сытуацыя завяршылася, але паўнавартасная разьвязка яшчэ наперадзе. Павінна быць ажыцьцёўлена ўсебаковае і бесстароньняе сьледзтва, адкрытае сьледзтва. Кожны павінен адказаць за свае ўчынкі толькі перад законам. Усе спробы асабістай помсты будуць спыняцца сілай закону. Усе працэсы будуць ажыцьцяўляцца выключна ў рамках канстытуцыі», — заявіў Саргсян.

Прэзыдэнт Армэніі прызнаў, што перамены ў краіне неабходныя, але перасьцярог ад узброеных выступаў і тэрарыстычных мэтадаў, спаслаўшыся на вопыт грамадзянскіх войнаў у Лібане і ў Сырыі.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў паскорыць рэформы і прыйсьці да фармаваньня ўраду нацыянальнай згоды на працягу «месяцаў».

«На дадзеным этапе наша мэта — фармаваньне ўлады нацыянальнай згоды, дзе рэалізацыя рашэньняў будзе знаходзіцца пад адказнасьцю шырокага поля згоды. Канстытуцыйныя рэформы ажыцьцёўленыя менавіта з гэтай мэтай. Урад нацыянальнай згоды — гэта гаворка не пра атрыманьне пасад, а пра разьмеркаваньне палітычнай адказнасьці. З упэўненасьцю сьцьвярджаю, што празь месяцы мы будзем мець менавіта такі ўрад, менавіта такую ўладу. Мы ідзем па гэтым шляху», — заявіў прэзыдэнт Армэніі.

Саргсян папрасіў прабачэньня перад журналістамі, якія пацярпелі падчас разгону дэманстрацыі прыхільнікаў узброенай групы. Масавыя акцыі адбыліся 29 і 30 ліпеня. Кіраўнік Армэніі заклікаў журналістаў забыць гэты эпізод, паколькі «падобнае больш не паўторыцца».

Напярэдадні ўзброеныя людзі з групы «Ўстаноўчы парлямэнт» склалі зброю і здаліся ўладам. Яны ўтрымлівалі будынак паліцэйскага палка амаль на працягу двух тыдняў, ад 17 ліпеня. Па справе аб захопе будынку затрыманыя 47 чалавек, палове зь іх выстаўленыя абвінавачаньні ў захопе закладнікаў.