Будаўніцтва чыгуначных падыходаў да Керчанскага моста з боку Крыму зацягваецца праз дапушчаную чыноўнікамі памылку, паведамляе Forbes.
Паводле дадзеных выданьня, у расейскай «мэтавай праграме» разьвіцьця анэксаванага Масквой Крыму і Севастопаля да 2020 году не пазначаны дзяржаўны заказчык на гэты від работ. Таму нібыта нельга нельга правесьці конкурс і вызначыць іх выканаўцу.
Forbes піша, што першапачаткова заказчыкам была кампанія «Крымскія чыгункі», але яна ў 2015 годзе перайшла ў падпарадкаваньне кампаніі «Расейскія чыгункі», якія ня значацца ў фэдэральнай праграме.
Будаўніцтва чыгуначных падыходаў да Керчанскага моста, які павінен зьвязаць анэксаваны Крым з мацерыковай часткай Расеі, плянавалася скончыць да 2018 году. У ліпені адкрыцьцё руху па чыгуначнай частцы моста было перанесенае на 2019 год.