Абама пацьвердзіў пазыцыю ЗША ў дачыненьні да расейскай агрэсіі

Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў пра прыхільнасьць Злучаных Штатаў справе абароны хаўрусьнікаў па НАТО на фоне агрэсіўных дзеяньняў Расеі. Пра гэта амэрыканскі лідэр сказаў 1 жніўня ў Атлянце ў звароце да зьезду арганізацыі амэрыканскіх вэтэранаў-інвалідаў.

«Ва ўмовах расейскай агрэсіі мы не зьбіраемся адварочвацца ад нашых хаўрусьнікаў у Эўропе. Мы маем намер заставацца аб’яднанымі ў НАТО, які зьяўляецца наймацнейшым альянсам у сьвеце», — сказаў Барак Абама.

У канцы ліпеня кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў, што ў выпадку яго абраньня Злучаныя Штаты ня змогуць гарантаваць бясьпеку ўсім сябрам НАТО. У інтэрвію The New York Times ён адзначыў, што дапамога, у прыватнасьці, у выпадку нападу Расеі, будзе прадстаўленая толькі тым краінам, якія «выконваюць свае абавязацельствы» перад ЗША.

Трамп адзначыў, што гэтая ўмова тычыцца і краінаў Балтыі, дзе ваенная прысутнасьць Паўночнаатлянтычнага альянсу ўзмацнілася пасьля расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе і ролі Масквы ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны. Кандыдат у прэзыдэнты таксама выказаў жаданьне скараціць ваенныя выдаткі на дапамогу хаўрусьнікам, якія ЗША несьлі на працягу апошніх гадоў.