Эрдаган абвінаваціў генэрала ЗША ў «датычнасьці» да перавароту ў Турэччыне

Кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ўзброеных сіл ЗША генэрал Джозэф Вотэл

Паміж Вашынгтонам і Анкарой існуюць рознагалосьсі ў сувязі з «датычнасьцю» розных дзеячаў да спробы нядаўняга перавароту.

Кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ўзброеных сіл ЗША генэрал Джозэф Вотэл ня мае дачыненьня да спробы перавароту ў Турэччыне, гаворыцца ў заяве арміі ЗША. Абвінавачваньні на адрас генэрала высунуў прэзыдэнт Турэччыны.

Рэджэп Эрдаган ў пятніцу заявіў, што ЗША недастаткова рашуча асуджаюць спробу дзяржаўнага перавароту 15 ліпеня. Вотэла, крытыкаваў «чыстку шэрагаў» ў турэцкай арміі, якую ўчыніў Эрдаган. У адказ турэцкі прэзыдэнт абвінаваціў генэрала ў тым, што ён заняў бок змоўшчыкаў.

«Адзін зь іх — генэрал ці адмірал, які, на жаль, займае ў ЗША важную пасаду, кажа: „Я бачу і чую, што сярод затрыманых ёсьць тыя, з кім мы кантактуем ў вышэйшых камандных эшалёнах“. Ён так і кажа — бяз сораму! Хто ты такі, каб вырашаць такія рэчы? Хто ты такі? Па-першае, ведай сваё месца, ведай, што ты сабой уяўляеш», — заявіў Эрдаган, кажучы пра Вотэла.

Прэзыдэнт Турэччыны ў рэзкіх выразах таксама адзначыў, што галоўны арганізатар спробы перавароту знаходзіцца ў ЗША.

Турэцкія ўлады неаднаразова абвінавачвалі ў арганізацыі перавароту Фэтхулаха Гюлена, які жыве ў ЗША. Эрдаган патрабуе ад ЗША выдаць Гюлена, але той адмаўляе сваю датычнасьць да паўстаньня. 19 ліпеня Турэччына накіравала ў ЗША дакумэнты для экстрадыцыі Гюлена. Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры раней заяўляў, што перш за ўсё Турэччына павінна даказаць яго віну.